Анархіста Мікалая Дзядка даставілі ў суд Цэнтральнага раёна Мінска пасля абеду 6 сакавіка. Яго вінавацілі ў адміністрацыйным правапарушэнні па арт. 23.34 КаАП — «удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве», за выхад на Кастрычніцкую плошчу 26 лютага, піша spring96.org.

Мікалай Дзядок у залі суда.

Справу разглядала суддзя Вікторыя Шабуня.

Мікалай Дзядок прызнае, што ўдзельнічаў у акцыі «Свабоду палітвязням» 26 лютага ў Мінску, але не прызнае сваёй віны, бо лічыць закон «Аб масавых мерапрыемствах» рэпрэсіўным. Ён таксама лічыць, што яго дзеянні не насілі гвалтоўнага характару, аднак «столькі сілаў міліцыянераў было кінута на яго, што гэта нават абсурдна». 

Мікалай Дзядок адзначае, што падчас мерапрыемства супрацоўнікі міліцыі праводзілі відэафіксацыю, не было ніводнага міліцыянера, апранутага ў форменнае абмундзіраванне, а сам актывіст іншым грамадзянам і мінакам сваімі дзеяннямі не перашкаджаў. Лічыць сваё затрыманне незаконным.

Акрамя гэтага, выявілася, што пратакол апытання быў складзены з парушэннямі.

У выніку суд палічыў віну Мікалая Дзядка даказанай і аштрафаваў яго на 25 базавых велічынь (637,5 рубля).

Таксама вядома, што на актывіста было складзена яшчэ два пратаколы за выкладзеныя ў сеціве фотаздымкі з флэшмобу супраць закона аб экстрэмізме. Калі адбудуцца паседжанні па гэтых справах пакуль што невядома. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0