альбо Паскарэнне на тле запавольвання. Піша эканаміст Аляксандр Чубрык.

На мінулым тыдні Нацыянальны статкамітэт — Белстат — абвесціў вынікі працы эканомікі за 11 месяцаў. Не ведаю, як хто, але я здзівіўся — у параўнанні з студзенем-кастрычнікам рост ВУП паскорыўся і склаў 10,8% (у параўнанні з 11 месяцамі мінулага году)! Ды ў той час, калі ўрадоўцы гавораць пра крызіс, рост запасаў ды запавольванне росту. Натуральна, палез на сайт (для цікаўных — belstat.gov.by) ды пачаў разбірацца.

Як выявілася, у студзені—лістападзе прамысловая вытворчасць вырасла на 12,7% (у параўнанні з адпаведным перыядам мінулага году). Выглядае някепска. Але ж за лістапад тэмп прыросту склаў усяго 4,1% (да лістапада 2007‑га). Гэта ўжо бліжэй да сусветных тэндэнцыяў, асабліва калі ўлічыць, што ў кастрычніку было 10,3%, а ў верасні — 13%.

Але і гэта яшчэ не ўсё. Бо, як слушна казалі розныя афіцыйныя асобы, апошнія два месяцы раслі запасы прамысловай прадукцыі.

Калі адняць ад аб’ёмаў прамысловай вытворчасці за кастрычнік і лістапад кошт «назапашанай» гатовай прадукцыі, то выйдзе, што ў кастрычніку прамысловая вытворчасць вырасла на 5,9%, а ў ластападзе — скарацілася на 3,2% у параўнанні з адпаведнымі перыядамі мінулага году.

Звяртае ўвагу такі феномен:

рост у асноўных галінах прамысловасці (іх дзевяць — электраэнергетыка, паліўная прамысловасць, чорная металургія, хімія і нафтахімія, машынабудаванне, дрэваапрацоўка, будматэрыялы, лёгкая і харчовая прамысловасць, і ў іх вырабляецца 85—90% усёй прамысловай прадукцыі) час ад часу шмат павольнейшы, чым рост у прамысловасці ўвогуле.

«Іншыя галіны» з’яўляюцца своеасабліваю «чорнаю скрыняй», якая жыве ўласным жыццём.

Гэта такія невялікія галіны, як каляровая металургія, шкляная і парцалянава‑фаянсавая, мукамольная, мікрабіялагічная, медычная і паліграфічная прамысловасць.

Калі ў асноўных галінах усё добра, то «іншыя» растуць павольна, калі кепска — рост у іх раптам паскараецца. Ці проста вытворчасць у іх расце ў некалькі разоў хутчэй. Не зрабіўся выключэннем і лістапад гэтага году — вытворчасьць у дзевяці асноўных галінах (без уліку складоў) вырасла ўсяго на 2,2%, а ў іншых галінах — на 16,1% (у параўнанні з леташнім лістападам). Калі скарэктаваць тэмпы росту ў гэтых галінах, то выйдзе, што прамысловасць (а значыць, і эканоміка ўвогуле) расце шмат павольней, чым гэта падаецца афіцыйнай статыстыкай.

Што да паскарэння росту ВУП, то афіцыйная статыстыка тлумачыць яго найперш бумам у сельскай гаспадарцы. У кастрычніку — рост на 18,3%, а ў лістападзе — на 23,1% проці адпаведных месяцаў 2007‑га. Вось якая галіна эканоміку выцягнула! Толькі ў мінулыя гады часта бывала, што рост у сельскай гаспадарцы ў 4‑м квартале змяняўся запавольваннем у 1‑м квартале наступнага году.

Памятаеце, нядаўна заробкі бюджэтнікам нібыта падвысілі, а потым перагледзелі? То і з статыстыкай гэтаксама. Нацыянальныя адметнасці…

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?