Ва Украіне затрымалі дваіх чалавек пры спробе перадаць Цімашэнку больш за $180 тысяч. Праўда, гаворка ідзе не пра аднаго з фаварытаў выбараў Юлію Цімашэнка, а пра яе цёзку па прозвішчу — Юрыя Цімашэнку. Сам палітык раней паскардзіўся ў пракуратуру на ціск.
Пра гэта паведаміў генпракурор Украіны Юрый Луцэнка на сваёй старонцы ў Facebook.
Юрый Цімашэнка лічыцца тэхнічным кандыдатам. Ва ўкраінскай палітыцы гэта распаўсюджаная з'ява, калі на выбарах рэгіструюцца малавядомыя кандыдаты-цёзкі больш вядомых кандыдатаў, каб некаторыя выбарцы памылкова за іх прагаласавалі і тым самым адабралі б патрэбныя галасы ў кандыдатаў-фаварытаў. Патэнцыйна Юрый Цімашэнка на выбарах мог бы адабраць галасы ў Юліі Цімашэнка, якая лічыцца адной з фаварытак на маючых адбыцца выбарах.