Сёлета самымі значнымі былі падзеі, звязаныя з юбілеямі Дуніна‑Марцінкевіча і 90‑годдзем БНР.

3 лютага мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч адкрыў і асвяціў мемарыяльную табліцу ў памяць Вінцэнта Дуніна‑Марцінкевіча ў касцёле ў Бабруйску. Прыехаўшы былі нават нашчадкі роду Дунінаў‑Марцінкевічаў з Польшчы. Былі ў Валожынскім раёне, у вёсцы Тупальшчына, у Люцінцы, у Пяршаях.

Быў тэатральны фэст у Бабруйску, была таленавітая пінігінская пастаноўка «Пінскай шляхты» ў Купалаўскім і, пры канцы году, у Палацы мастацтваў прадстаўнічая мастацкая выстава. Але на пачатку году ў Мінску быў знішчаны будынак XVIII ст., па вуліцы Рэвалюцыйнай, 14, дзе два гады жыў класік нашае літаратуры, стваральнік першай нацыянальнай беларускай оперы.

Не паставілі ні ў Мінску, ні ў Валожыне ні помніка геніяльнаму класіку, ні нават бюсту. Дый самі святкаванні прайшлі, відавочна, не на дзяржаўным узроўні. На жаль.

Круглая дата за круглым сталом

Не выпадала чакаць ад уладаў і спрыяння ў святкаванні 90 гадоў БНР. Тым больш прыемным сюрпрызам стаў круглы стол у рэдакцыі «Советской Белоруссии».

У ім узяў удзел шэраг гісторыкаў і галоўны рэдактар газеты Адміністрацыі прэзідэнта Павел Якубовіч. У прыватнасці, ён сказаў тады: «БНР ёсць часткай гісторыі беларусаў. (…) Сам факт, што ўпершыню ў гісторыі, у 1918 годзе, беларусы зрабілі спробу стварыць незалежную дзяржаву, — заслугоўвае павагі». Пасля гэтага «круглага стала», з’явіліся шматлікія публікацыі і ў іншых дзяржаўных СМІ. Аднак ані мемарыяльных знакаў, ані адмысловых выставаў, экспазіцыяў у музеях, бібліятэках, маштабных грамадскіх мерапрыемстваў улады не дазволілі. Тым больш каштоўнымі былі шматлікія ініцыятывы, імпрэзы, выставы і канцэрты, зладжаныя людзьмі самахоць, на грамадскіх пачатках у Гродне, Мінску, Брэсце… А ў Парэччы сельскія ўлады ўсталявалі мемарыяльную табліцу першаму кіраўніку БНР Раману Мар’яну Скірмунту.

Увосень прайшлі розныя мерапрыемствы ў памяць ахвяраў Халакосту, да 65 гадоў знішчэння Мінскага гета. Былі адкрытыя новыя мемарыяльныя знакі і помнікі на Юбілейнай плошчы і на вуліцы Сухой. Гэтым разам маштаб мерапрыемстваў быў куды большы чым раней — удзельнічаў кіраўнік дзяржавы. Але гэтыя жалобныя ўрачыстасці раскрылі і бездань няведання беларусамі адной з самых жудасных старонак нашае гісторыі.

Перастаўленыя класікі

У 2008 годзе былі знішчаныя дзесяткі помнікаў архітэктуры і археалогіі па ўсёй краіне. Да Дажынак у Оршы знішчылі будынак старасвецкай карчмы на вуліцы Пралетарскай, 2, вакзальны гатэль, пабудаваны на пачатку ХХ стагоддзя, на вуліцы Дзяржынскага і будынак прыстанцыйнай школы 1905 году. Тамсама, у Оршы, перанеслі помнік Караткевічу, каб на яго месцы зрабіць туалет…

А ў Мінску, нягледзячы на меркаванне шаноўных дзеячаў культуры, на месцы помніка Максіму Багдановічу будуюць дэкаратыўны фантан. На вуліцы Рэвалюцыйнай, 17 толькі адрамантаваны будынак XVIII — пачатку ХІХ стагоддзя быў знесены, бо перашкаджаў узвядзенню новага бетоннага гмаху. Зруйнаваныя дамы па вуліцы Камсамольскай, 11а і часткова 15. Знакавым здарэннем для характарыстыкі стану аховы помнікаў у краіне стала разбурэнне вежы Пішчалаўскага замку.

Было на што паглядзець

Цікава гэты год прайшоў для аматараў выяўленчага мастацтва. Працягвала экспанавацца выдатная выстава Пікаса, Лежэ і ягонае жонкі Надзеі Хадасевіч са збораў нашага Нацыянальнага мастацкага музею. Шкада, што гэтая выстава не засталася стацыянарна ў асноўнай экспазіцыі. Тамсама, у Мастацкім, прайшла унікальная вялікая выстава твораў Ніко Пірасманішвілі. Такой выставы Пірасмані няма нават у Грузіі, пагатоў цяпер, пасля вайны з Расіяй.

Сенсацыяй адыходнага году стала выстава ARSincognita ў Акадэміі навук. Яна сабрала ня¬знаныя не толькі шырокай публіцы, але і навукоўцам творы Драздовіча, Сергіевіча, Сеўрука, Вішнеўскага, Крачкоўскага.

У сакавіку ў Палацы мастацтваў прайшла кранальная і змястоўная выстава твораў славутага мастака, суаўтара эталону дзяржаўнага гербу «Пагоня» Яўгена Куліка. Усцешыла выстава ў лістападзе твораў Ізраіля Басава «Вяртанне ў горад» у Нацыянальным мастацкім.

Забаўная канцэптуальная выстава «Арт‑Бульба» была ў мастацкай галерэі «Універсітэт культуры». Дзіўна, але гэта адзінае яркае мерапрыемства, што прайшло ў міжнародны год бульбы. Анансаванага шырока адкрыцця помніка Бульбе на праспекце Пераможцаў так і не адбылося. У салоне‑галерэі «Падземка» прайшла цікавая выстава твораў Міхаіла Гуліна, Руслана Вашкевіча, Зоі Луцэвіч — якія цэнзура не дапусціла да Першага біенале сучаснага мастацтва. Тая экстраная выстава стала альтэрнатываю біенале.

Унікальную магчымасць паглядзець на слуцкія паясы стала іх выстава з маскоўскіх збораў у Мастацкім.

З іншых выставаў гістарычнага плану зацемім экспазіцыю скандальна вядомага Пояса Вітаўта і Радзівілаўскай карты ў Гістарычным музеі, а таксама магнацкіх партрэтаў у Мастацкім.

Нарэшце, у снежні, у прыстойнай КЗ «Мінск» прайшлі канцэрты «Народнага альбому», што я лічу найцікавейшай падзеяй нашага музычнага жыцця сёлета, роўна ж як і нечакана прадстаўнічы і шумны канцэрт афіцыёзнай беларускай эстрады ў Варшаве.

10 найлепшых выставаў году
    Пікаса, Лежэ і Хадасевіч у Мастацкім
    Пірасмані ў Мастацкім
    Заходнебеларускіх мастакоў віленскай школы ARSincognita ў Акадэміі навук
    Cлуцкіх паясоў у Мастацкім
    «Арт‑Бульба» ў Галерэі Універсітэту культуры
    Яўгена Куліка ў Палацы мастацтваў
    Ізраіля Басава «Вяртанне ў горад» у Мастацкім
    Да юбілею Язэпа Драздовіча ў Палацы мастацтваў
    Да юбілею Дуніна‑Марцінкевіча ў Палацы мастацтваў
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?