Міністр культуры Юрый Бондар прадстаўляе Паўла Латушку, kupalauski.by

Міністр культуры Юрый Бондар прадстаўляе Паўла Латушку, kupalauski.by

Былы міністр культуры і пасол Беларусі ў Францыі Павел Латушка быў учора прызначаны дырэктарам Купалаўскага тэатра.

«Працаваць у адной з вядучых устаноў культуры Беларусі — вялікія гонар і адказнасць, — так пракаментаваў сваё прызначэнне сам Павел Латушка. —— Будаваць на створаным. Захоўваць традыцыі і пашыраць прастору беларускага тэатральнага мастацтва. Вяртаюся ў новы шлях…»

Былы дырэктар Купалаўскага Павел Палякоў у мінулым годзе напісаў заяву аб сыходзе — па ўласным жаданні. Так што крэсла было вакантнае.

Палякоў працаваў генеральным дырэктарам Купалаўскага тэатра амаль 10 гадоў — з 2009 года. Да гэтага быў дырэктарам у Тэатры юнага гледача. Яго называлі «лепшым тэатральным дырэктарам у Беларусі». Чаму ён сышоў — дакладна не вядома.

Напрыканцы мінулага года, калі толькі з’явіліся чуткі наконт магчымага прызначэння Латушкі дырэктарам Купалаўскага тэатра, «Народная Воля» запыталася ў мастацкага кіраўніка тэатра Мікалая Пінігіна, якімі якасцямі павінен валодаць чалавек, які займае крэсла дырэктара тэатра імя Янкі Купалы.

«Гэта павінен быць чалавек, які разбіраецца ў фінансах, якому падабалася б працаваць у тэатры — ён павінен яго любіць, — адказаў Пінігін. — Пры гэтым ён павінен быць добрым менеджарам, таму што ў нашай сітуацыі трэба ўмець знаходзіць грошы не толькі ў дзяржбюджэце — гэта вельмі важна, таму што сродкаў увесь час не хапае… Адным словам, гэта павінен быць проста ідэальны чалавек…»

Ці задаволены Мікалай Пінігін прызначэннем новага дырэктара?

— Я не проста задаволены, я шчаслівы! — адказаў Пінігін «Народнай Волі». — Мае жаданні супалі з жаданнямі міністра культуры, і не толькі з ягонымі. Ну, вы самі разумееце, які гэта чалавек. І міністрам культуры ён быў, і рэканструкцыя тэатра пры ім адбывалася. Карацей, паўтараю: я шчаслівы!

— Яго апладысментамі сустрэлі?

— Канешне, і праводзілі са сцэны таксама. Гэта пасол, які двойчы вазіў спектаклі нашага тэатра на гастролі ў Францыю, знаходзіў грошы для тэатра…

— Яму цяпер прыйдзецца шукаць фінансы для Купалаўскага амаль заўсёды…

— Ён справіцца. Для мяне Павел Латушка яшчэ і вельмі сур’ёзны менеджар. З тэатральным менеджментам у нашай краіне, мякка кажучы, вялікая праблема. На адных дзяржаўных грошах не пражывеш — іх недастаткова. Я перакананы, што і праекты цудоўныя будзем рабіць, і апякунская рада вельмі сур’ёзная ў тэатры з’явіцца.

— А яе хіба не было?

— Была. Але, на жаль, спачыла ў бозе. Ёй трэба было сур’ёзна займацца…

— Некаторыя кажуць: маўляў, пасада дырэктара Купалаўскага тэатра для Латушкі — значнае паніжэнне… Хаця, як на маю думку, працаваць разам з Пінігіным кожны дзень — ну гэта крута, для некаторых — проста мара!..

— Дзякуй, канешне (смяецца)!

У заходніх краінах нармальная практыка, калі былыя амбасадары пасля кадэнцыі вяртаюцца на мінулую працу — напрыклад, ва ўніверсітэт. Так што я не бачу тут нічога дзіўнага. Хто ведае, куды кар’ерная лесвіца завядзе?..

Я шчаслівы, што мы маем дырэктара, які быў паслом ў Польшчы і Францыі, быў міністрам культуры, пры якім узнікалі фестывалі, прэміі і шмат іншых ініцыятыў, якія ўся культурная грамадскасць толькі вітала! Для мяне важна, што Латушка — чалавек з сувязямі. Ну і проста ён харошы чалавек і прафесіянал…

 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?