Чарнагора – гэта вам не Чарнагорыя. Андрусь і Алена Клікуновы адпачывалі ва Ўкраіне.

Чарнагора (ня блытайце з балканскай Чарнагорыяй) – гэта 20-кілямэтровы хрыбет вышынёю каля 2000 м, ад польска-славацкіх Татраў на захадзе да румынскіх Раднянскіх Альпаў на ўсходзе. Пачынаецца ён каля «сталіцы гуцулаў», мястэчка Ясіня ў Закарпацьці, вяршыняю Пэтрас (2022 м), аддаленай на 6 км ад найвышэйшае кропкі Ўкраіны – Гавэрлы (2061 м). На паўднёвым усходзе ад яе, падзеленая невялікімі сёдламі, цягнецца хвалістая лінія іншых гораў гэтага масіву, сярод іх Поп Іван (2026 м) са старадаўняй аўстрыйскай абсэрваторыяй.

Хрыбту Чарнагоры характэрнае непадабенства ягоных паўночных ды паўднёвых схілаў. Калі паўднёвыя стромка сыходзяць долу ў глыбокія даліны, званыя тут паланінамі, то на паўночным баку амаль ад кожнае вяршыні адыходзяць папярэчныя бакавыя хрыбты з лагодным пад’ёмам і зяўрастымі бакавымі сьценамі. Адпаведна пад асобнымі вяршынямі на іх паўночным баку ўтварыліся т.зв. катлы – прыступкападобныя даліны з паземным дном, ахінутыя з трох бакоў стромкімі адхонамі – плячыма – і адчыненыя з чацьвертага, дзе нярэдка ўзьнікаюць другія па ліку ніжэйшыя катлы. Гэткая дзівосная пабудова галоўнага хрыбта Чарнагоры – вынік зрухаў лёду падчас даўняга Ледавіковага пэрыяду.

У паход па Чарнагоры пажадана выходзіць у пэрыяд з другое паловы траўня да другой паловы кастрычніка. Варта памятаць, што чэрвень – найбольш дажджысты месяц у гэтым рэгіёне. Да слова, спадарства, барані вас божа рабіць пад’ёмы ў залеву, навальніцу ды туман!

Заплечнікі сабраныя, квіткі да Івана-Франкоўску набытыя, дакумэнты й грошы правераныя, мапа ахайна залямінаваная. Добрай дарогі! Перад тым як сесьці ў цягнік, яшчэ раз прыгадайце, ці ўзялі вы сярод іншага намёт, спальнік, поліэстэравы дыванок, рондаль ці кацялок, сухое паліва, зручны й трывалы абутак (кеды адкідайце адразу, а вось турыстычныя красоўкі кшталту «БелКельмэ», з грубай падэшвай – тое, што трэба), кепку ці бандану на галаву (і ад сонца, і ад кляшчоў), штармоўку або цырату ад дажджу (з парасонам па гарох лазіць – мясцовым авечкам на сьмех), шорты, спартовыя штаны (у джынсах пакарэньне вяршыняў не пажаданае з гігіенічных прычынаў). У лекавых запасах прадбачце ёд, актываваны вугаль, ношпу, асьпірын ды трохі марганцоўкі.

Памятайце, што ўкраінскія памежнікі абавязаныя выдаць вам картку часовае рэгістрацыі, на адной з паловак якой патрабуецца пазначыць месца часовага перабываньня на тэрыторыі Ўкраіны. Прысьцібкі накшталт «намёт», «лес», «Карпаты» ня пройдуць. Таму давядзецца выбіраць сярод рэальна існуючых турыстычных асяродкаў паблізу нашага месца прызначэньня:

1. Турбаза «Эдэльвайс», 90630, Закарпатська область, Рахівський район, с.Ясиня, вул.О.Борканюка, 9; тэл. (03132) 4-22-10.

2. «Гуцулочка», Iвано-Франкiвська область, Яремчанський район, с.Яблуниця; тэл.: +380 (3434)36-3-17.

На другой палоўцы рэгістрацыйнае паперкі памежнік паставіць вам штамп з датай. Абавязкова захавайце гэтую цыдулку да вашага выезду з краіны.

Стартавым пунктам нашае вандроўкі будзе вёска (сэло) Лазэшчына. З вакзалу ў Івана-Франкоўску туды магчыма патрапіць:

а) дызэльным цягніком – кірункам да Рахава (ходзяць вельмі рэдка);

б) аўтобусамі – кірункам да Ясіня, Рахава, Цячыва.

Мінулі людны горны курорт Ярэмча, перавалілі празь Ябланіцу – і мы ў Закарпацьці.

Адразу ж за мостам праз раку Лазеўшчыну, у самым цэнтры вёскі, просім кіроўцу («водій» па-ўкраінску) выкінуць нас на сьвежае паветра і выдаць з багажнікаў асабістае «цяжыва» згодна з купленымі квіткамі. Цяперака арыентуемся на мясцовасьці. Удалечыні на поўдні вока адрозьнівае дзьве сівыя гары – Гавэрлу (зьлева) і Пэтрас (справа). Вось туды нам і трэба. Але ж высока як... Спакойна! Прэч сумневы! Вы іх абавязкова «зробіце». Яны таго, безумоўна, вартыя. Толькі стаўцеся да іх па-людзку, тады і яны да вас будуць гасьцінныя.

Аўтобус паехаў. Мы ж разварочваемся й зь дзьвюх дарог на ростанях збочваем на правую (па другой прыехалі сюды). У некалькіх кроках зь левага боку бачым краму й кавярню, дзе магчыма падсілкавацца і набыць сухі правіянт. Тушаніну лепш захапеце зь Беларусі – здаравейшыя будзеце! Калі падарожнічаеце пры канцы сухога лета ці ўвосень, надыбайце перад выправай пару пляшак вады.

Поўныя энэргіі, крочым па грунтовай дарозе на поўдзень. Праз 2 км праходзім пад мэталёвым чыгуначным мостам, а яшчэ праз 500 м упіраемся носам у шлягбаўм. У лесьнічоўцы, што побач, ратавальнік і палясоўшчык па сумяшчальніцтве мусіць занатаваць вашыя асабістыя зьвесткі, правесьці адпаведны інструктаж што да паводзінаў у гарах і спагнаць за кожны дзень знаходжаньня на ўнутрышлягбаўмнай тэрыторыі Карпацкага біясфэрнага запаведніку пэўную суму грыўняў з кожнага наведніка й яшчэ крыху – за кожны пастаўлены намёт з разьлікам на колькасьць дзён.

Шыбуем усё далей і далей уздоўж бурапеннае горнае рэчкі, аточанае зарослымі пагоркамі, насустрач даляглядам.

Наступнымі арыенцірамі будуць занядбаны буданчык зь серавадароднай мінэральнай вадзічкай, а яшчэ праз 1,5 км зьлева на ўзгорку – хатка пастухоў, калыба. Тут магчыма папрасіцца пераначаваць за сьціплую плату (3–5 грыўняў з чалавека), папіць гарачае зёлкавае пітво, пагрэцца ля печкі. Пакладуць вас на звычайных драўляных лавах, але выбіраць не даводзіцца, асабліва калі на дварэ шарая гадзіна.

Непасрэдна пад’ём варта распачынаць зранку, добра адпачыўшы і трохі пад’еўшы. Даклыпаўшы да турбазы ў 3-х км ад калыбы па згаданай грунтоўцы, пераходзім драўляны мост праз струмень і, ідучы напрасткі ды абмінаючы недабудаваны шматпавярховік зь яго левага боку, пачынаем рэзка ўсьпінацца ўгару па лесавознай трактарнай дарозе. Ад часу да часу шлях перакрываюць паваленыя яліны, ствараючы дадатковыя натуральныя перашкоды. Кілямэтраў праз 5 безупыннага «чорнага шляху» апынаемся на больш-менш роўнай шырокай сьцяжыне і нават калі-нікалі сустракаем бел-сіне-белыя гавэрлаўскія турыстычныя значкі. Раптам лес адхінае свае шаты – і вачам на ўзроўні аблокаў адкрываецца вялікі горны луг, на якім улетку пасьвяць жывёлу з навакольных вёсак, – паланіна Гропа. Тут ёсьць месца і для намётаў, і для вогнішча (ватры па-тамтэйшаму). Напіцеся сырадою, пакаштуйце ваду з ручая, падзівуйцеся незвычайным для беларуса альпійскім краявідам, а назаўтра, з умоваю пагоды, вырушайце на паднябесную вяршыню самавітае Гавэрлы.

З Гавэрлы ў пагоду на поўначы ды на ўсходзе магчыма ўбачыць навакольныя роўнядзі Каламыі ды Надворнай на адлегласьці ў больш за 100 км, а на поўдні – усенькі ланцуг вяршыняў Чарнагоры аж да Румыніі. Павяртаемся тварам туды, адкуль прыйшлі. Перад намі ўзвышаецца магутны Пэтрас, а далей на захад, за некалькімі пераваламі, – салодкая мэта, Квасы.

Пад намі бачым дзьве сьцяжыны: адна – па якой прыйшлі, а другая, налева за хрыбет, – наш новы шлях. Трошкі спускаемся і абавязкова адпачываем ля крыніцы, якая аж да сярэдзіны чэрвеня мусіць прабівацца праз покрыва сьнегу, ствараючы ў ім танюткі тунэль. Дарога весела вядзе ўніз між хмызоў ды хвойнікаў. Проста на горным сядле ў 3 км ад крыніцы – месца для адпачынку са сталом ды іншымі патрэбнымі для турыста прыбамбасамі. Далей пачынаецца шырокі лясны шлях, плай па-гуцульску. З даўніх давён такія гасьцінцы злучалі між сабою вёскі й горныя выпасы. Прастуем па ім, агінаем зьлева пагорак і выходзім на чарговы грунь, перавал па-нашаму. З Гавэрлы ён падаваўся такім блізкім!

Зьлева агромністым конусам спускаецца паланіна Скапэска, і нават відаць коміны калыбаў ды чутны брэх сабак, але дайсьці да іх – гадзіна з гакам. Таму пройдзем далей па плаі мэтраў з 500 і ў лесе, па правым баку, знойдзем палянку ля ручая. Пераначуем – болей пачуем!

Каб, крый божа, да вас у намёт не зазірнуў уначы мясцовы гаспадар мядзьведзь, падкладзіце ў цяпельца сухі корч большы – хай курыцца да ранку. Не начуйце з прадуктамі сярод лесу! Адмыслоўцы раяць падвешваць іх між дрэвамі на вышыні ня менш за 3 мэтры. Зрэшты, сябры, напужаць драпежнікаў вы можаце і самі, асабліва калі падарожнічаеце з каханым чалавекам. Толькі ж не перастарайцеся! Гэта за-па-вед-нік…

Наступнага ранку нас чакае самы вялікі і самы маляўнічы адцінак паходу – па высакагорным карнізе пад Пэтрасам (1500–1600 м) уздоўж адной з найдаўжэйшых паланінаў Карпатаў, Гарманэскі. Неўзабаве пасьля ранішняга выхаду мы апынаемся на раздарожжы. Направа – уручча Грэблі, якое выведзе нас назад у Лазэшчыну. Ды нас, заўзятых валацугаў, лёгкі шлях ня вабіць. Нам налева…

На працягу далейшых пяці гадзінаў вы будзеце бесьперапынна назіраць захапляльную панараму, якая нічым не саступае тырольскім адпаведнікам у аўстрыйскіх Альпах. Вось тады і зразумееце, чаму гуцулы нават побач з вамі валынкападобна падкрыкваюць, як быццам вы за кілямэтар. Дарэчы, міжсобку яны гергечуць на малазразумелай беларусу русінскай мове, а наша роднае слова разумеюць зь вялікімі цяжкасьцямі.

Калі ўся паланінная прыгажосьць зьнікне за хрыбецікам, на паўднёвым захадзе трэба будзе знайсьці самую вялікую лысую вяршыню – гару Шэшул. Пад ёю з нашага боку разьмешчаны батанічны заказьнік Рагнэска зь некалькімі калыбамі, дзе мы і правядзём апошнюю ноч нашых авантураў. Крыху не даходзячы да хатак, падзівуемся на драўляную цэркаўку без адзінага цьвіка. Такіх нацыянальных грэка-каталіцкіх, ці ўніяцкіх, бажніцаў багата і ў Галіччыне, і на Валыні, і ў Закарпацьці.

Апошнім рашучым кідком агінаем па карнізе Шэшул, зьлева пакідаем паланіну Канец (стомлены турыст прыдумаў :-), праз квасоўскія кашары пнемся ў бок гары Вясьняркі, жвава пераскокваем у бука-грабавым гаі праз шматлікія горныя раўчукі. У вясьняркаўскім лесе бяром правую вузейшую сьцяжыну. Спуск хоць і аптымістычны, але й стромкі. Пасьля дажджу не рэкамэндуецца.

Нарэшце вылятаем на маляўнічы квяцісты луг з жоўтымі ды чырвонымі макамі, падбелам, сьвятаяньнікам, званочкамі… Што й казаць, сэзоны мяняюцца ў Карпатах за кожным грунем. Яшчэ з гадзінку адвольнае хады па сэрпантыне са спазорам на Квасы – і мы ля мэты. Па адным пераходзім па хісткім падвясным мосьціку праз бурапенную Чорную Цісу і бачым сапраўдную асфальтаваную дарогу.

Направа праз колькі дзясяткаў мэтраў пошта, насупраць якой яшчэ адзін мост, які вядзе да студні з жалезістай мінэральнай вадой трохі правей на пагорку ў хмызьняку, зьлева ад закінутае хаціны. Вада лячэбная, з высокім утрыманьнем соляў. Рэкамэндуецца спажываць у абмежаваных колькасьцях праз кактэйлевую рурку дзеля захаваньня зубоў.

Далей па дарозе трапляюцца дзьве кавярні. Насупраць аўтобуснага прыпынку – былая саўковая сталоўка з комплексным абедам, зьмест якога – вялікая таямніца, ды хамаватай цёткай за прылаўкам. Насупраць вакзалу ўстанова новае генэрацыі – больш дарагая, але і больш утульная. Раім пакаштаваць тут салянку, дзеруны (дранікі а-ля ўкраінас), львоўскае піва ды закарпацкі каньяк.

Пасьля бурлівае пагулянкі ў шынку не забудзьцеся сесьці а 2-й гадзіне ночы на ціхаходны цягнічок з Рахава да Львова. Апоўдні прыедзеце да места. Перад ад’ездам на радзіму ў вас будзе яшчэ колькі часу прайсьціся брукаванымі вулкамі старажытнае сталіцы Галіччыны й пачаставацца знакамітымі чанахамі ды салам у чакалядзе (гэты «ўкраінскі «Сьнікерз» падаюць у кавярні «Лялька»).