Рокеры вяртаюць былыя пазіцыі, папсавікі пераарыентоўваюцца на Захад — музычныя вынікі году сабраў Сяргей Будкін.

У 2008 годзе шмат чаго ў беларускай музыцы адбылося ўпершыню. Вайцюшкевіч паехаў на гастролі ў Японію, ва ўкраінскім Львове прайшоў беларускі рок‑фестываль, беларускі ды‑джэй увайшоў у тузін найлепшых у свеце, гурт сярэднявечнай музыкі «Стары Ольса» першы раз выступіў у Маскве, і з аншлагам, а на песні беларускіх музыкаў знялі столькі кліпаў, колькі не было за ўсю ранейшую гісторыю… І ўсё ж год прайшоў пад знакам «Ляпісаў» — іхніх канцэртаў, іхніх песень ды іхніх кліпаў.

Песня, альбом, канцэрт, кліп году

«Які яшчэ жэст добрай волі патрэбны, каб нас прызнала беларуская рок‑тусоўка?», — кінуў Сяргей Міхалок у інтэрв’ю на музычным інтэрнэт‑сайце «Тузін Гітоў». Відаць, трохі яго заела, што галоўную Рок‑Карону прысудзілі гурту Neuro Dubel. Магчыма, тады ў яго і нарадзілася песня Belarus Freedom — рок‑гімн, які дароўнівае «Партызанскай» Лявона Вольскага.

Праўда, Міхалок не рызыкнуў яе сыграць ні на сольным канцэрце ў мінскім Палацы спорту, ні ў віцебскім амфітэатры. Новы альбом «Маніфест» гурт вырашыў распаўсюдзіць бясплатна праз інтэрнэт, а потым ужо выдаць на дысках (гэтак жа зрабіў з сваім сольнікам «Куплеты і прыпевы» Лявон Вольскі). «Маніфест» уражвае. Роўных «Ляпісам», прынамсі па тэхніцы і падачы, у Беларусі няма і блізка.

А пасля таго, як услед за «Капіталам» Аляксей Церахаў зрабіў кліп на песню Міхалка «Огоньки», стала ясна, што «Ляпісам» няма роўных і тут — гэтая праца атрымала галоўны прыз у намінацыі «Найлепшая анімацыя» на фэсце музычнага відэа VIMUS у Партугаліі, апярэдзіўшы кліпы The Chemical Brothers і Bjork. Відэашэраг прыйшоўся даспадобы і расійскім камуністам, якія, не спытаўшы дазволу, скарысталі яго ў прапагандысцкім роліку для сайту партыі Зюганава, чым выклікалі справядлівы аўтарскі гнеў.

Масавай вытворчасцю кліпаў для беларускіх выканаўцаў сёлета адзначыўся незалежны тэлеканал «Белсат». За год іх было зроблена некалькі дзесяткаў. Некаторыя з іх нават паказвалі на плазмавых экранах у мінскім метро. Па БТ, праўда, яшчэ не.

Забароны знялі, боязь засталася

2008 год запомніцца «Рок‑Каранацыяй» з бліскучай прамовай Уладзімера Арлова пры ўручэнні Кароны Кулінковічу. Канцэртам «Салідарныя з Беларуссю» ў цэнтры Варшавы, адраджэннем фэсту «Рок па вакацыях», стартам праекту «Рок‑школа» для маладых музыкаў і музычнай містэрыяй «Дзень Максіма Багдановіча». Эх, зрабіць бы яе яшчэ больш зразумелай для масаў — ламіліся бы палацы ад гледачоў…

Сёлета на транспамежных фестывалях Be Free, be2gether, «Басовішча» яшчэ гучала тэза пра «забароненых» музыкаў, але ўжо не так упэўнена. У што ж вылілася «пагадненне з д’яблам», як назвала газета Sueddeutsche Zeitung візіт беларускіх музыкаў у прэзідэнцкую адміністрацыю? Гурты з «чорнага спісу» — N.R.M. і Neuro Dubel, «Тройца» і «Палац» — давалі сольныя канцэрты ў адзін дзень, Кулінковіч спакойна пачуваў сябе на он‑лайн канферэнцыі «СБ», а Хаменка стаў мільгаць у тэлевізары, што той Ціхановіч. N.R.M., дарэчы, былі адзінымі, хто наважыўся на ўсебеларускі тур пасля зняцця ўсіх умоўных забаронаў. Тое, што ехаць у рэ¬гіёны — небяспечна, пацвердзіў канцэрт гурту Neuro Dubel у Магілёве, адменены праз нізкі продаж квіткоў. «Ды на іх проста забыліся за тыя чатыры гады, што яны не прыязджалі», — тлумачылі магілёўскія рок‑энтузіясты.

Але па‑за кропкавай лібералізацыяй хапала сёлета і звычайнага. Судзілі арганізатараў канцэрту Lombard у Гродна, а ў Мінску быў сарваны канцэрт, прысвечаны Слуцкаму збройнаму чыну і прэмія беларускага музычнага відэа. Чыноўнікі па‑ранейшаму засцерагаюцца беларускага, факт.

Сыход году: Вашкевіч і Свет

Сёлета як мінімум на два таленавітых музыкі ў Беларусі стала меней. Пайшоў з жыцця Андрэй Вашкевіч — лідэр гурту «Любоў і спорт». Сябры‑рокеры арганізавалі душэўны канцэрт памяці і сабралі грошай сям’і. Панёс страту беларускі блюз. Згінуў вялікі талент — Святаслаў Хадановіч, лідэр Svet Boogie Band.

Скандал году: Пол і Паліна

Спявачка Паліна Смолава зганьбілася перад усім светам пасля спробы зрабіць немудрагелісты, але эфектны піяр‑ход: маўляў, яна мае заспяваць з легендарным Полам Макартні (сумеснае фота прыкладалася). Сорам узяў, калі высветлілася, што тое фота — падробка, а прадстаўнік сэра Пола заявіў, што такога не было і быць не магло.

Ён нават не казаў пра існаванне гэтага фота экс‑»Бітлу» — бярог яго нервы. Гэтая гісторыя таксама дае падставы для аптымізму: у нашых папсавікоў адбылася пераарыентацыя. Цяперака зусім не модна сябраваць з Кіркоравым ці выдаваць альбомы на фірме «Союз». Гульцы на полі беларускага шоу‑бізу пачалі глядзець на Захад. Дарафеева хвалілася на сваім сайце, што выступіць з Джэксанам і Тымберлейкам (праўда, не напісала, што тое двайнікі).

Прадзюсер Уладзімір Максімкаў распаўсюдзіў сваю фотасесію, зробленую для нямецкага эратычнага часопіса (праўда, такога не існуе ў прыродзе). Саладуха вунь дзеля зборнага канцэрту нашых эстраднікаў у Варшаве вырашыў перакласці сваю «Чужую мілую» (праўда, на польскую). Заварушыліся. І гэта не так ужо і кепска.

Былі сёлета і сапраўдныя прарывы на Захад. Віцебскі DJ 33, ён жа Валер Швындзікаў, завецца цяперака ды‑джэем №11 у свеце. Гэты статус ён атрымаў на DMC World DJ Championship — мерапрыемстве сусветнага маштабу з больш чым дваццацігадовай гісторыяй, якое праводзіцца ў велізарным лонданскім клубе Indigo2.

Праект году

Сёлета выйшла пару цікавых складанак («НезалежныЯ», «Басовішча», «Вольныя песні»), але не такога канцэптуальнага ўзроўню, як праекты ранейшых гадоў — кшталту «Хатыні» ці «Святога вечара».

Героямі году сталі беларускія журналісты. У 2008 годзе паўстаў шэраг музычных медыйных праектаў. NETradio і радыё «Рацыя» транслявалі ўжывую самыя цікавыя беларускія канцэрты, а першае дык наогул адкрыла асобны канал «100 працэнтаў беларускай музыкі» з фарматам «неэстрада». Журналіст Зміцер Бескаравайны стварыў вельмі неабходны праект — Experty.by з музычнай аналітыкай, якой раней не ставала. Зміцер Падбярэскі выдаў сваю «Энцыклапедыю беларускай папулярнай музыкі». Галоўным гістарычна‑музычным праектам году можна лічыць «Беларускі андэграўнд 1960‑70‑х».

Вядоўца радыё «Юністар» Віктар Сямашка першым узяўся за даследаванне гісторыі беларускага року і апісаў, як у Беларусі з’явіліся першыя электрагітары, ладзіліся першыя канцэрты і разганяліся акцыі хіпі. Сваю даследчую працу ён падмацаваў аповедамі ўдзельнікаў тых падзеяў, архіўнымі запісамі ды фотаздымкамі. Праграма ў дзевяці частках выходзіла на радыё «Юністар» і на «Тузіне Гітоў», а потым нават з’явілася ў продажы. Праўда, толькі ў самвыдатаўскім выглядзе. Дзе вы, выдаўцы?

Сяргей Будкін

Дванаццаць найлепшых песень 2008 году
    1. «АntiEMO (Parket)» — гурт «Глюкі» (Магілёў).
    2. «Сяння Купала, заўтра Ян» — «Osimira» (Менск).
    3. «Загiнулым паэтам прысвячаецца» — :B:N: (Бяроза) і Лявон Вольскі.
    4. «Не веру табе» — Nevma (Магілёў).
    5. «Підарасы» — Neuro Dubel
    6. «Восень» — гурт «Рокаш» (Мінск)
    7. Чароўны мур — TerminX (Мінск).
    8. «Белая птушка» — Таццяна Беланогая.
    9. «Калыханка» — «Сьцяна» (Брэст).
    10. «Тры янгалы» — «Троіца».
    11. «Synu» — ILO & Friends (Беласток)
    12. «Зорка Венера» — J:Морс.

    Паводле рэйтынгу сайту «Тузін гітоў»