Амаль кожную сваю раніцу я пачынаю з бутэрбродаў. З аднаго боку, гэта даніна звычкі — маці вельмі часта рабіла нам лусцені з маслам і сырам на сняданак. З другога боку, гэта смачна! І не надакучыць, бо можна кожны раз рабіць розныя: з шынкай, яйкам, агароднінай.
А ўявіце сабе, што можна прыгатаваць такі хлеб, кожная луста якога ўжо будзе гатовым бутэрбродам. Вось такую страву мы з вамі сёння і прыгатуем — хлеб з начынкай з шынкі і яйка.
Нам спатрэбіцца:
- 500 гр. мукі
- 20 гр. свежых дражджэй
- 250 мл цёплай вады
- 1 ст. л. цукру
- дробка солі
- сухія італьянскія травы (чабор, базілік, арэгана)
- 200 гр. шынкі, парэзанай тонкімі скрыльцамі
- 100 гр. сыру
- 5 звараных яек
Спачатку гатуем цеста. Дрожджы змешваем з вадой і цукрам, даём 5 хвілінак пастаяць. Замешваем цеста з вады і мукі, дадаём травы. Пакідаем цеста на гадзінку, каб паднялося. Пасля гэтага цеста абмінаем і раскатваем прастакутнік памерам 25х35.
У сярэдзіну выкладваем лустачкі шынкі, пасыпаем сырам, выкладваем яйкі ў адзін шэраг. Акуратна заварочваем цеста і фармуем бохан хлеба.
Выпякаем 40 хвілін пры 190 градусах. Калі скарынка будзе занадта цвёрдай, то пасля выпякання пакласці на бохан вільготны ручнік і пакінуць на некалькі хвілін у духоўцы.
Смачна есці!