Здароў, 2009-ы! НН віншуе з Калядамі і Новым годам вершам, які напісаў Андрэй Хадановіч.

Вечар на мытні. Католікі п'юць заварку.
На ўкраінскай, вядома, сідають йісты.
На беларускай, магчыма, кульнулі чарку.
Добра ім, бульбашам, яны атэісты.

Снег на заставах такі ж, як у Вільні й Рызе.
Зорнае неба гоніць думкі аб хлебе.
У Эўразвязе эканамічны крызіс:
эканомяць святло – і зоркі відаць лепей.

Трое бадзягаў. Два з візамі, трэці бяз візы.
Твары такія, што можна крычаць: «горка!»
Кажуць, па Эўраньюс выступалі ганцы з Пізы,
быццам на ўсход ад шэнгену гарыць зорка.

Пенсіянэр-фальксваген – нібы вярблюд аднагорбы.
Фатаробат кіроўцы вядомы мясцовым уладам.
На рухомую стужку складаюць свае торбы.
На маніторы ў мытніцы: золата, смірна, ладан.

Першы з пакетам прэзентаў. На пакеце багоўка.
Ясна, што з беластоцкага супэрмаркету. Пагаварым-с?
Пан Бальтазарскі Караль, дзе ваша страхоўка?
— Мэта паездкі? — Пішыце «зорны турызм».

Вы, Мэльхіёрас Валхваўскас, пачаму без
візы? Па ксэраксе?! Групавой?!! Трохгадовае даўніны?!!!
Хто падпісаў дазвол? Генерал-лейтэнант Анубіс?
Так, харэ выдурняцца. Ну вы й звіздуны

Раптам: «Здароў, Каспяровіч! Зямляк. З-пад Валожына.
На Каляды дадому – у нашым стылі!»
Тут здараецца цуд, хоць і не паложана:
ўсіх траіх – нават лабаса – прапусцілі.

Ражджаство ў Беларусі? Будуць прыгоды на сраку вам –
падарунак для мага. (Валхва? Караля?Звіздуна?)
Недзе над Ракавам
вернікам і абыякавым,
нібы зорка з ялінкі, свеціць яна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0