Спадарожнікавыя здымкі тэрыторыі ваеннага навукова-даследчага цэнтра Санумдон недалёка ад Пхеньяна сведчаць пра тое, што Паўночная Карэя, магчыма, рыхтуецца да запуску ракеты або спадарожніка, паведамляе BBC.

Было заўважана перамяшчэнне вялікіх транспартных сродкаў вакол аб'екта. Раней такая актыўнасць сведчыла пра тое, што КНДР прынамсі рыхтуецца перавезці ракету ў раён запуску.

6 сакавіка стала вядома, што КНДР пачала аднаўляць палігон Сахэ, з якога раней запускала міжкантынентальныя балістычныя ракеты. Працы па яго дэмантажы пачаліся ў канцы мінулага года і былі прыпыненыя пасля таго, як перамовы з ЗША зайшлі ў тупік.

Аналітыкі мяркуюць, што на гэтым этапе Пхеньян, хутчэй за ўсё, хоча запусціць спадарожнік, а не ракету.