Новы скандал у Расіі з топ-менеджарам дзяржаўнага холдынгу: намеснік кіраўніка «Расгеалогіі» трапіў на відэа, на якім мацюкаецца, як крымінальнік, і перад сваёй падначаленай пахваляецца, як спіць з рознымі калегамі адначасова. Калі СМІ сталі капаць, аказалася, што на высокую пасаду ў дзяржхолдынгу пралез чалавек, якога шукалі за атрыманне хабару і які меў дачыненне да забойства.

Ён скончыў Сувораўскае вучылішча, служыў на сакрэтнай пасадзе ў Генштабе, паралельна займаўся сумнеўным бізнэсам. Яго падазравалі ў махлярстве з зямельнымі ўчасткамі. 

У 2011 годзе ён схаваўся, а ўжо ў 2012 годзе змяніў прозвішча і імя па бацьку і знік з росшуку. Ён быў інгуш Руслан Магамедавіч Ганіжаў, а стаў Руслан Ізраілавіч Горынг. Пад новым іменем ён робіць імклівую кар'еру ў горназдабыўным сектары і за некалькі гадоў дарастае да першага намесніка кіраўніка гіганцкага дзяржаўнага холдынгу з вялізнымі абаротамі — уявіце значэнне геалагічных пошукаў у сыравіннай краіне.

Падзенне 40-гадовага Руслана Ізраілавіча пачалося пасля таго, як нехта выклаў у сеціва відэа самазадаволенага менеджара за гульнёй PUBG з трансляцыі на стрымінгавым сэрвісе Twitch.

У паслужным спісе Ганіжава-Горынга — у тым ліку заблытаная справа 2003 года аб забойстве яго малодшага брата Ігара на кухні кватэры Руслана ў Маскве (адказнасць тады ўзяў на сябе бацька братоў Ганіжавых Магамед).

Пасля з'яўлення відэа ў дачыненні да Горынга была адноўлена справа аб пасярэдніцтве ў хабары, але пазней яе перакваліфікавалі ў махлярства. Былога топ-менеджара аб'явілі ў вышук. Ён спрабаваў паляцець у Сочы і купіў квіткі на некалькі рэйсаў: на 08:00, на 10:00 і на 17:30. На першыя два рэйсы ён прыходзіў, каб «агледзецца», але не адважваўся падысці да стойкі рэгістрацыі. У трэці раз ён паспрабаваў трапіць на рэйс, але яго затрымалі супрацоўнікі ФСБ і крымінальнага вышуку.

Сам Горынг заяўляе, што ў яго рабоце не змаглі знайсці карупцыйнага складніка, таму прыйшлося «залезці ў асабістую прастору».

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?