1. Велізарны, пад 700 квадратных кіламетраў, лясны масіў з прыгожымі краявідамі, багаты на грыбы і ягады.

2. Месца жыхарства мядзведзяў, якія чуюцца гаспадарамі ў Пушчы. Ва ўсіх кутках Пушчы іх раз-пораз сустракаюць. Даўней у Пушчы быў засценак Мядзвежы Оступ, цяпер ёсць аграсядзіба «Медвежий Угол».

3. У Пушчы і вакол яе — некалькі дзясяткаў азёраў. Возера Доўгае, самае глыбокае ў Беларусі — само сабой, папулярнае месца ў беларускіх дайвераў. Возера Шо, у назве якога ўгадваюцца варажскія карані. Возера Івесь, на беразе якога, паводле беларускіх геадэзістаў, знаходзіцца цэнтр Еўропы. Возера Мяжужала, акружанае з усіх бакоў пушчай.

4. Месца баявой славы паўстанцаў 1863 года. У Пушчы фармаваўся паўстанцкі атрад Генрыка Дмахоўскага — удзельніка трох паўстанняў, які жыў на эміграцыі ў ЗША і ўпрыгожваў сваімі працамі будынак Сената ў Вашынгтоне — але вярнуўся ваяваць і палёг на ўскраіне Пушчы на беразе возера Мядзела. На магіле стаіць каменны крыж.

5. Месца з даўняй гісторыяй. На ўскрайках Пушчы археолагі адкрылі паселішчы часоў неаліту. На пушчанскай рацэ Шошы знаходзяць рымскія і арабскія манеты, фібулы культуры перагародчатых эмаляў. У Пушчы ёсць курганныя могільнікі, старыя гарадзішчы (у тым ліку Замак — умацаванае паселішча часоў Полацкага княства каля Свілы, і Шведская Гара каля вёскі Бірулі).

Язэп Драздовіч прысвяціў Галубіцкай пушчы цэлы альбом графікі.

Язэп Драздовіч прысвяціў Галубіцкай пушчы цэлы альбом графікі.

6. Пушча - месца нараджэння і смерці беларускага мастака Язэпа Драздовіча. У засценку Пунькі на ўскраіне Пушчы ён нарадзіўся. Цяпер там толькі прыдарожны крыж, камень з памятнай шыльдай і гіганцкая ліпа, якую Драздовіч адлюстраваў на сваім малюнку. А пахаваны ён, чалавек, які абыйшоў пешшу блізкія і далёкія ваколіцы, за два кіламетры ад месца свайго нараджэння, на вясковых могілках у Малых Давыдках.

7. Пушча — добрае месца для адпачынку. У Пушчы няма вялікіх паселішчаў, яе не праразаюць шумныя аўтатрасы. Але да Пушчы лёгка даехаць і машынай і цягніком (два хуткія цягнікі і адзін начны штодня з Мінска да станцыі Падсвілле). У самой Пушчы — неблагія дарогі, якімі можна няспешна праехаць Пушчу наскрозь. Адпачыць можна на шматлікіх аграсядзібах у пушчанскіх вёсках (Маргі, Бабруйшчына, Доўгае, Хралы, Івесь, Скрабатуны, Бірулі, Чарніца).

Таксама праз Пушчу можна праплыць на байдарках — возера Доўгае — р. Даўжанка — возера Шо — рака Шоша — возера Пліса (далей можна плыць па рацэ Мнюта праз мястэчка Лужкі і далей па Дзісёнцы да горада Дзісна).

8. Вакол Пушчы — вёскі і мястэчкі з цікавымі помнікамі архітэктуры і гісторыі — Падсвілле, Пліса, Задарожжа, Зябкі, Празарокі, Кублічы, Селішча, Бычкі (радзіма Васіля Быкава), Тумілавічы, Дзедзіна. Крыху далей ад Пушчы — Глыбокае, Ушачы, Докшыцы.

А вось я паспрабаваў накрэсліць межы Пушчы. Калі паўночную і заходнюю мяжу вызначыць лёгка — там, дзе заканчваецца лес, то з усходняй і паўднёвай мяжой была праблема. На поўдні Пушча мяжуе з лясамі Бярэзінскага запаведніка і я накрэсліў мяжу па дарозе Р29. На ўсходзе абмежаваўся дарогай Зябкі — Ушачы. Але можа, мае сэнс шырэй глядзець на паняцце Галубіцкая Пушча — і тады можа выйсці плошча не 700, а 1.000 і болей квадратных кіламетраў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?