На пасяджэньні Рады рэгіянальнага разьвіцьця Чаркаскай вобласьці, прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка заявіў, што Украіне неабходна высокадакладная ракетная зброя, якая зможа паражаць цэлі далёка ў тыле Расіі, пішуць інфармагенцтвы.

Парашэнка падкрэсьліў неабходнасьць разьвіцьця ўкраінскай ракетнай праграмы. Ён паведаміў, што пасьля выпрабаваньня крылатыя ракеты «Няптун» паступілі на ўзбраеньне.

Паводле Парашэнкі, спыненьне дзеяньня расейска-амэрыканскай Дамовы аб ліквідацыі ракет сярэдняй і меншай далёкасьці стварыла дадатковыя магчымасьці для Ўкраіны:

«Нас больш ня зьвязваюць ніякія абмежаваньні ні па далёкасьці палёту нашых ракет, ні па іх магутнасьці — няхай вораг пра гэта таксама ведае. Нам трэба высокадакладная ракетная зброя, і паўтараць памылкі Будапэшцкага мэмарандуму мы больш не зьбіраемся», — падкрэсьліў прэзыдэнт Украіны.

Мемарандум аб гарантыях бясьпекі ў сувязі з далучэньнем Украіны да Дамовы аб нераспаўсюджваньні ядзернай зброі быў падпісаны ў Будапэшце ў 1994 годзе лідэрамі Украіны, ЗША, Расеі і Вялікабрытаніі. Ён вызначыў, што Украіна, адмаўляючыся ад ядзернай зброі, атрымлівае ад іншых дзяржаваў гарантыі абароны ў выпадку нападу на яе. Аднак, пасьля расейскай анэксіі Крыму і падтрымкі Расеяй сэпаратыстаў на ўсходзе Украіны, у Кіеве выказалі расчараваньне мэмарандумам, асновы якога не былі выкананыя.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0