Украіна абвесціла, што не гарантуе паставак расійскага газу ў Еўропу. Цяпер становіцца болей зразумелай паблажлівасць Масквы ў дачыненні да Беларусі. Адразу дзве газавыя вайны — гэта было б занадта.

Крыніца ў Кіеве шантажуе Маскву пагрозай канфіскоўваць з 1 студзеня газ, прызначаны для Еўропы, калі не будзе падпісаны кантракт з «Газпромам».

Зазначым, што і для беларусаў пытанне пра цану газу зноў на фінішы года традыцыйна вісіць у паветры. Учора з «Газпромам» правяла перамовы наша дэлегацыя. Лічбы так і не агучаны.

Сёння намеснік кіраўніка холдынга Аляксандр Мядзведзеў скупа паведаміў: бакі ўдакладнілі, «як будзе працаваць формула», і госці, маўляў, паехалі дадому «ўзгадняць гэта».

Афіцыйны прадстаўнік «Газпрома» Сяргей Купрыянаў дадаў, што «над намі не капае» і няма патрэбы падпісваць кантракт за дзве хвіліны да новага года, бо пераразлік паводле формулы можна зрабіць у любы момант.

Сапраўды, хоць перамовы ідуць, як можна здагадацца, не зусім гладка, па вялікім рахунку падстаў нервавацца няма, шокавай тэрапіі для Мінска (ні ў сэнсе цэнніка, ні ў сэнсе закручвання вентыля) тут не прадбачыцца. Гэта перамовы выканаўцаў, на якіх шліфуюцца дэталі. Першыя асобы дзвюх дзяржаў на сустрэчы 22 снежня ў прынцыпе паразумеліся. Газ хоць і падаражае, але ненашмат, а цягам 2009 года можа і патаннець.

Іншая рэч, што кошт гэтага паразумення для Беларусі таксама ахутаны змрокам таямніцы. Толькі эківокі афіцыйных асоб дазваляюць будаваць версіі. Па-першае, выглядае на тое, што Масква даціснула з падпісаннем пагаднення пра адзіную сістэму супрацьпаветранай абароны. Па-другое, расійцы дамагаюцца комплексу выгадных ім дамоўленасцей у фінансава-эканамічнай галіне. Гаворка ідзе пра вальнейшы доступ іх тавараў на наш рынак, удзел у прыватызацыі, пашырэнне разлікаў у расійскіх рублях.

Так ці іначай, Масква чарговы раз адсунула ўбок расхваленую «еўрапейскую формулу» вызначэння цаны на «блакітнае паліва». Прадстаўнік «Газпрома» Купрыянаў прызнаўся, што яно будзе для беларусаў таннейшым, чым вымагала б чыстая матэматыка. Карацей, цана зноў палітычная.

Але выйгрыш на ўсходзе можа абярнуцца пройгрышам на Захадзе.

Напрыклад, Еўрасаюзу і ЗША дакладна не спадабаецца імавернае прызнанне Мінскам Абхазіі ды Паўднёвай Асеціі. Можа сапсаваць дыялог з Брусэлем і ўцягванне нашай краіны у вайскова-палітычныя гульні Крамля, асабліва ў «асіметрычны адказ» на размяшчэнне элементаў супрацьракетнай абароны ЗША ў Чэхіі ды Польшчы.

Відавочна, што ўлазіць у гэтыя непрыемныя рэчы Мінск не спяшаецца. Але ж і Масква навучылася даціскаць метадычна. Заўважце, як адразу паправілі беларускага кіраўніка, калі той па вяртанні з белакаменнай заявіў, што другая транша новага расійскага крэдыту ў нас, лічы, у кішэні. Э не, сказала Масква, не кажы гоп! Раніцай — крэслы, вечарам —грошы.

Іначай кажучы, беларускі бок спачатку павінен падпісаць адмысловы мемарандум. Яго змест надта не афішуецца. Але, як можна зразумець, дакумент мусіць гарантаваць Расіі ўмацаванне фінансава-эканамічных пазіцый у Беларусі.

Так што адносна танны газ можа аказацца для нас зусім не танным.

Па вялікім рахунку, беларуская ўлада так і застаецца на раздарожжы, гучна называючы гэта роляю маста між Расіяй і Захадам. Так, ёсць спакуса пазбавіцца ад ярлыка еўрапейскага ізгоя.

Але ці не мацнейшая спакуса зноў уварваць дурніцу ў Масквы. Прыхапіць яшчэ адзін данайскі дарунак.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?