Канстытуцыйны суд (КС) вывучае магчымыя напрамкі карэкціроўкі норм Канстытуцыі, паведаміла намеснік старшыні КС Наталля Карповіч журналістам у панядзелак у Мінску, паведамляе Interfax.by.
«Канстытуцыйнаму суду былі дадзены адпаведныя даручэнні кіраўніком дзяржавы. Мы ўважліва вывучаем магчымыя напрамкі нейкіх пераўтварэнняў у гэтай частцы», — сказала Карповіч.
Пры гэтым яна нагадала, што Канстытуцыя замацоўвае асновы канстытуцыйнага ладу, прававое становішча асобы, сістэму дзяржаўнай улады, асноўныя паўнамоцтвы дзяржорганаў і іншых органаў дзяржаўнай улады, а таксама асновы фінансава-крэдытнай сістэмы краіны.
«Адпаведныя прапановы ва ўстаноўленым парадку будуць унесены», — сказала Карповіч, аднак не назвала магчымыя тэрміны іх падрыхтоўкі.
Пры гэтым яна заўважыла, што Канстытуцыя прадугледжвае дастаткова працяглы перыяд як грамадскіх абмеркаванняў, якія тычацца ўнясення змяненняў у яе, так і праходжання гэтых зменаў праз парламент.
Аляксандр Лукашэнка ў пачатку сакавіка заявіў пра неабходнасць унясення змяненняў у Канстытуцыю краіны, у тым ліку па пытаннях абмежавання прэзідэнцкіх паўнамоцтваў і «транзіту» ўлады.
«Я ўпэўнены, што новую Канстытуцыю нам прыйдзецца прымаць. Трэба будзе ўзмацняць іншыя галіны ўлады — выканаўчую, заканадаўчую. Можа быць, пасля сур'ёзнага аналізу, нешта трэба будзе распачаць па выбарчай сістэме, уводзіць ці не ўводзіць прапарцыйную сістэму або спыніцца на мажарытарнай», — сказаў Лукашэнка падчас «Вялікай размовы» з прадстаўнікамі грамадскасці і СМІ.
Пры гэтым ён адзначыў, што ў найбліжэйшыя два гады змены Канстытуцыі чакаць не варта.
У той жа час, паводле Лукашэнкі, прапановы наконт зменаў у Канстытуцыю ён агучыць ужо падчас перадвыбарнай кампаніі.