Летам абвастраецца жаданьне зьмяніць абстаноўку, вызваліцца з задушнага офісу ды на некалькі дзён забыцца на гарадзкі тлум. Можна не выстойваць чэргаў па візу ды не пакутаваць больш за суткі ў гарачым купэ цягніка «Менск–Сімферопаль». Добра адпачыць можна і не выяжджаючы зь Беларусі. Выбар ёсьць!

Агратурызм

У Беларусі гэты від адпачынку зьявіўся пазьней за астатнія краіны Эўропы, але разьвіваецца досыць актыўна. На сёньня па ўсёй Беларусі налічваецца ля 60 сядзібаў. У зьвязку зь вялікай канкурэнцыяй кошты на пражываньне ў такіх месцах зьніжаюцца, а пакет паслуг – пашыраецца. Стандартны набор прапановаў: адпачынак ля вады плюс паляваньне ў бліжэйшым лесе, грыбочкі-ягады ды экскурсія, калі ёсьць куды.

Гаспадары сядзібы «Ля дубочка», што пад Менскам, прапануюць наведаць падчас адпачынку… «Лінію Сталіна». Хоць ёсьць і больш вартыя прапановы. Уладальнікі фэрмэрскай гаспадаркі «Верас» збудавалі сядзібу для турыстаў з інтэр’ерам «у нацыянальным стылі» непадалёк ад Сынкавіцкай царквы. Сярод прыбудоваў – карчма на 40 месцаў. Прапанаваныя маршруты – Жыровіцкі манастыр, Косаўскі і Ружанскі палацы. Ды яшчэ Зэльва і Слонім непадалёк. На сядзібу працуе ўся заходнебеларуская ваколіца.

У краінах з разьвітым агратурызмам цяпер моду набірае «фэрмэрскі адпачынак». Усё зьмяняецца: раней фэрмэры наймалі прымакоў за грошы, а цяпер багатыя немцы ды ангельцы, папрацаваўшы ў офісах, імкнуцца да зямелькі. Працуюць тыдзень-два на фэрмэрскіх гаспадарках за ежу і жытло. У спэктры паслуг беларускіх аграсядзібаў такога пакуль няма, але, як сказаў гаспадар адной зь іх, «можна зарганізаваць». Інструмэнты заўжды знойдуцца, абы попыт быў.

У бліжнім замежжы аграадпачынак мае перад беларускім адзіны плюс – больш разьвітая інфраструктура. Разам зь лесам ды рэчкай амаль паўсюль ёсьць супэрмаркеты, інтэрнэт-кавярні, добрыя рэстарацыі. Адпачынак у падобнай сядзібе ў Крынках, што на Беласточчыне, каштуе 150 даляраў на тыдзень.

Кошт пражываньня ў беларускіх аграсядзібах вагаецца ад 6 да 35 у.а. на дзень, у залежнасьці ад кшталту сядзібы. Ёсьць катэджы, вясковыя хаты, летнія «спартанскія» пабудовы. Сьпіс усіх сядзібаў можна знайсьці на holiday.by.

Лекавы адпачынак

Гэта даволі стандартны від адпачынку, попыт на які трымаецца дзякуючы «прафсаюзным» пуцёўкам. Супрацоўнік дзяржаўнай установы плаціць нейкі адсотак ад агульнага кошту ды едзе ў санаторыю-прафілякторыю падлячыць нэрвы ды заспакоіць сэрца. Адпачынак для тых, каму за 30. Выбар – некалькі сотняў санаторыяў па ўсёй краіне са стандартным наборам паслуг і рэжымам. Самыя танныя прапановы – пад Менскам (300–400 тыс.руб.), даражэй – на беларускіх курортах. Поўная пуцёўка на 12 дзён у санаторыі на Нарачы абыдзецца ў 620 тыс.руб.

Актыўны адпачынак

У Беларусі няма магчымасьці заняцца модным цяпер дайвінгам, сафары ці банальна зьдзейсьніць круіз. Затое застаюцца спрадвечныя рыбалка і паляваньне. Да іх дапасоўваюцца больш экстрэмальныя пэйнтбол і скачкі з парашутам.

Займацца легальна паляваньнем каштуе немалых грошай. Улічваецца ня толькі плата за трафэй (50–300 эўра), але і плата супрацоўнікам, вываз трафэю. Сьпіс месцаў паляваньня і расцэнак.

Рыбачыць таньней. Дзень рыбалкі – 15–50 тысяч. Адна з найпапулярнейшых мясьцінаў – Любанскае вадасховішча, дзе, што праўда, за ўлоў больш за 5 кг трэба плаціць асобна.

Сапраўдны бум гэтым летам – на скокі з парашутам. Менскі аэраклюб на Баравой нават увёў папярэдні запіс, бо ахвочых болей, чым парашутаў. Суадносна з попытам падвышаюцца і кошты на скокі. Сёлета яны складаюць ад 12 да 17 у.а. за адзін раз.

Модная гэтым летам забава – лясны пэйнтбол. Гульні адбываюцца ў лясах ды закінутых будынінах пад Менскам, арганізатары пазыцыянуюць забаўку як даступную для ўсіх, і як найвыдатнейшы спосаб вызваліцца ад адмоўных эмоцыяў. Кошт на дзень – ля 30 тыс.руб. на чалавека. Інфармацыю можна знайсьці тут.

Экскурсійны адпачынак

Гэта для тых, хто хоча набрацца ўражаньняў ды лепей спазнаць краіну за сьціслы тэрмін. Сярод турыстычных маршрутаў, якія прапаноўваюць беларускія агенцыі, зрэдчас адшукаеш нешта цікавае. Хоць, як сказалі ў адной зь іх, попыт на аглядныя вандроўкі (2–4 дні) па Беларусі падвышаецца ўлетку. Шмат якія агенцыі ў стандартныя маршруты вымушаны былі па разнарадцы ўлучыць «Лінію Сталіна» (як калісьці Курган Славы). Так што не зьдзіўляйцеся, калі пабачыце такі маршрут: Менск – «Лінія Сталіна» – Мір – Нясьвіж – Полацак. Кошт такіх вандровак сягае 100 даляраў.

Незалежныя арганізатары вандровак абіраюць не такія зьбітыя маршруты (у некаторых мясьцінах да іх турыстычны аўтобус не праяжджаў) і кошты выстаўляюць больш дэмакратычныя. Уважлівей праглядайце абвесткі ў «НН»!

Сяргей Будкін

Фота Андрэя Лянкевіча