«Наша Ніва» сабрала пяць фактаў пра вайскоўца, які будзе кіраваць беларускім футболам.

Былы футбаліст зборнай і трэнер «Шахцёра» Юрый Вяргейчык зняў сваю кандыдатуру з выбараў на кіраўніка Беларускай федэрацыі футбола. Адзіным кандыдатам застаўся дэпутат Палаты прадстаўнікоў і былы брэсцкі ваенкам Уладзімір Базанаў. Самым залайканым каментам на спартовым сайце by.tribuna.com быў наступны: «Шчырыя спачуванні ўсім, каму яшчэ не быў неабыякавы беларускі футбол». Дык хто ж такі гэты містар Базанаў?

Нарадзіўся і вучыўся ў Расіі

Уладзіміру Базанаву 61 год, ён родам з Валагодскай вобласці Расіі. Праўда, ён усё ж мае беларускае паходжанне: ягоная мама родам з Віцебскай вобласці. І калі памёр яе муж, тата новага кіраўніка БФФ, то яна вярнулася ў Беларусь.

Школьнікам паступіў у Ленінградскае вайсковае сувораўскае вучылішча. Потым — у Каломенскае вышэйшае артылерыйскае каманднае вучылішча. З пагонамі лейтэнанта Базанаў адправіўся служыць у групе савецкіх войскаў ГДР. Добра вядома, што абы-каго на такую службу не бралі.

Прайшоў праз Афганістан

Калі СССР стаў уводзіць свае войскі ў Афганістан, Базанаў вырашыў праявіць сябе. У матэрыяле газеты «Во славу Родіны» адзначаецца, што Базанаў пісаў чатыры рапарты, каб яго адправілі ў зону баявых дзеянняў. У іншым жа інтэрв’ю ён сам кажа, што гэтыя рапарты пісаў, бо «зразумеў, што надоўга не выберацца з Самарканда». У выніку ў Афгане Базанаў прайшоў праз 28 сутычак з душманамі. Мае ордэн Чырвонай Зоркі.

Пасля Афганістана Базанава накіравалі на службу ў Забайкальскую вайсковую акругу, дзе ён і прабыў да 1988-га. У гэты час у жонкі ўзяў дзяўчыну з Беларусі, калі прыязджаў у адпачынак. Напрыканцы існавання СССР атрымаў яшчэ адно прызначэнне ў ГДР, але ў хуткім часе савецкія войскі з гэтай тэрыторыі сталі выводзіць.

З 1993 года Базанаў на службе Узброеных сілаў Беларусі. Быў камандзірам артылерыйскага палка, камандаваў ракетнай брыгадай. Ад 1999 — вайсковы камісар Брэсцкай вобласці.

Не найлепшыя часы ў брэсцкім «Дынама»

Калі Базанаў стаў жыць у Брэсце, то стаў пастаянна наведваць гульні мясцовай каманды. Праз нейкі час яго запрасілі ўвайсці ў праўленне ФК «Дынама». А пасля таго, як Аляксандра Шышко забралі ў Мінск у якасці намесніка міністра транспарту і камунікацый, то менавіта Базанаву прапанавалі ўзначаліць клуб.

Гэта быў далёка не найлепшы час у гісторыі «Дынама». Брэсцкая каманда заўзята змагалася за выжыванне, каб не вылецець у першы дывізіён. Клуб змог выратавацца толькі ў апошніх гульнях сезона. Плюс да ўсяго ў каманды ўзніклі сур’ёзныя фінансавыя праблемы. Гульцам перыядычна не плацілі заробкі, а да ўсяго яшчэ БФСА «Дынама» запатрабавала грошы за выкарыстанне брэнда. На нейкі час каманду нават перайменавалі ў «Брэст».

Заўзятары брэсцкага «Дынама» ўзгадваюць часы Базанава далёка не з лепшага боку.

Адпраўляў футбалістаў у армію

Мала таго, што найлепшыя футбалісты каманды сыходзілі ў БАТЭ і мінскае «Дынама», дык некаторых гульцоў Брэст губляў па прычыне таго, што яны накіроўваліся служыць у армію. Напрыклад, такой долі не пазбег адзін з найлепшых крайніх абаронцаў чэмпіянату Беларусі Ігар Бурко.

«Кожны мужчына павінен служыць у войску. Прыйшоў час Бурко — значыць, пара аддаць доўг радзіме. Калі б Ігар не адправіўся служыць, то гэта з майго боку, як былога вайсковага камісара, было не правільна. Ігар пабывае ў войску і зразумее, што лепш гуляць, чым служыць. Ён будзе яшчэ больш прафесійна ставіцца да сваёй кар'еры», — тлумачыў старшыня «Дынама».

Пагражаў ён войскам і паўабаронцу Эдгару Аляхновічу, перад сыходам таго ў БАТЭ. «Вучы статут», — парэкамендаваў Базанаў футбалісту ў прыватнай размове. Для разумення, футбалісты нячаста ідуць служыць у войска.

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў

Абіраўся Уладзімір Базанаў па Брэсцкай-Пагранічнай выбарчай акрузе №4. У суперніках у яго былі малавядомыя кандыдаты ад сацыял-дэмакратаў і «Справядлівага свету».

У Палаце прадстаўнікоў ён уваходзіць у камісію па бяспецы і абароне. У канцы мінулага года Базанаў лятаў па парламенцкай лініі нават у Вашынгтон на канферэнцыю па пытаннях выведкі і бяспекі.

У Базанава двое сыноў. Старэйшы працуе эканамістам на брэсцкім прадпрыемстве «Гефест», малодшы — студэнт. Самым шчаслівым днём у сваім жыццё ён назваў дзень вяселля. «Я вельмі кахаю сваю жонку», — кажа ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?