Фота Сяргея Гудзіліна

Фота Сяргея Гудзіліна

Гэтае пытанне, сфармуляванае з рознай ступенню нахабства, можна адчуць за мудрагелістымі развагамі шмат каго з урадавых чыноўнікаў сёння. Яны пытаюцца зноў і зноў, яны шчыра не могуць зразумець, што робіцца там, за агароджай, дзе маўчыць пакорлівы статак. Вось жа, і ежа [яшчэ] ёсць, і «пасобіі» мы вам павялічылі ажно на 33-42 рублі, і пра вакансіі мы па тэлебачанні рэгулярна «адчытваемся». Дык чаго вам не хапае, чэрці? Хіба мужыкоў не засталося?

Вазьму на сябе працу патлумачыць ад імя тых, хто за агароджай. Бо нашу логіку і нашы страхі, здаецца, робіцца ўсё складаней уразумець жыхарам вылізаных «як у Швейцарыі» катэджных пасёлкаў, па якіх штодня прыязджаюць чысцюткія службовыя аўтамабілі. Дзяцей людзі (у адрозненне ад катоў і тхароў) заводзяць тады, калі ёсць упэўненасць у будучыні. Уласна, тут можна было б паставіць кропку, але ў мяне няма ўпэўненасці ў тым, што яны разумеюць тое, што мы адчуваем наконт сваёй будучыні.

Ной Харары ў вельмі гучнай цяпер кнізе Sapiens абгрунтавана патлумачыў, што паняцце «будучыня» ўзнікла ў галовах у той момант, калі чалавецтва з грамады збіральнікаў і паляўнічых ператварылася ў камунію тых, хто займаецца сельскай гаспадаркай. Якая «будучыня» магла быць у неандэртальца? Штодзённа ён ішоў на паляванне і з лесу заўсёды выходзіў прыкладна з адным «ураджаем». Колькі б ён ні стараўся, «адкласці» мяса ці ягад на паслязаўтра, на наступны год было не ў ягоных сілах.

Усё змяніла «аграрная рэвалюцыя» і навука вырошчвання пшаніцы. Як толькі з’явілася паняцце «ўраджай», як толькі ўзнікла магчымасць не толькі жэрці, але і захоўваць на выпадак таго, што зерне не ўрадзіцца, з’явілася і тая трасца, якая завецца «будучыняй». Будучыня, як вучыць нас Харары, ад самага пачатку мела адценне трывогі. Бо калі паляўнічы выйшаў з лесу і ператварыўся ў селяніна, ён зразумеў, што не ўсё залежыць ад ягонага разумення павадак звяроў і ведання месцаў, дзе можна знайсці прыдатныя да ежы расліны. Ён уцяміў, што нават калі сёння збожжа ўрадзілася, заўтра можа быць неўраджай, а таму трэба адкладаць — пры гэтым абараняючы свой свіран і сваё «жытло» (паняцце аб якім з’явілася разам з сельскагаспадарчай культурай) ад патэнцыйных набегаў суседніх «земляробаў» з дубінамі, у якіх здарылася засуха ці патоп.

Паводле Харары, пшаніца няшмат добрага дала сапіенсу, і для ягонага здароўя і паставы значна лепей было б, калі б ён не горбіўся на палетках, а гойсаў па лясах, шмат рухаючыся і спажываючы вельмі разнародную ежу (Харары сцвярджае, што нават працягласць жыцця праз «аграрную рэвалюцыю» скарацілася). Але прычына, з якой сапіенсы перамаглі, а неандэртальцы зніклі — у тым, што разам з «будучыняй» і «запасамі» яны атрымалі магчымасць размнажацца што дурныя. Бо былі ўпэўненыя, што здольныя пракарміць болей ратоў.

Зараз вернемся да нашай агароджы. Я адкрыю вялікую таямніцу жыхарам катэджных пасёлкаў, але большасць беларусаў сёння жыве хутчэй жыццём неандэртальцаў, чым сапіенсаў.

Ёсць заробак у 600 рублёў? Ахвігенна! На ежу хапае? Ёсць чым заправіць корч? Зашыбіся! Жывём! Можа, і боты жонцы раз на два гады выправіш? І ў Турэччыну ў гэтым годзе зганяеш (у мінулым не хапіла грошай)? Ну дык проста люкшур! Але мы добра ўсведамляем, што заўтра вось нават гэты «кантракт» можа скончыцца, і настане не проста беспрацоўе — настане вэлкам на паседжанне камісіі па дармаедстве!

Усё сёння тут — адным днём. І нават калі якому-небудзь «паляўнічаму» даводзіцца «настраляць» у жыцця ажно 600 тысяч глушцоў і дбайна скласці іх, як зрабіў гэта адзін хціўца (мой асабісты герой!), акуратненькімі стопачкамі ў гаражы, сярод слоікаў і закатак, да яго абавязкова прыйдуць адтуль, з-за агароджы.

І — потым — якую будучыню падрыхтавала сістэма маладым? Тут абсалютна няма сацыяльных ліфтаў — адно сацыяльныя яміны ў выглядзе жывой магчымасці трапіць пад стараннасць якога-небудзь энтузіяста-следчага, якому вельмі хочацца красівых пагонаў.

То давайце так: дэмаграфічны выбух тут будзе тады, калі людзі зноў адчуюць сябе гаспадарамі ўласнага «заўтра». Калі замест уздыхаў пра тое, што «там» яшчэ напрыдумлялі, будзе ўсведамленне таго, што мы ўсе жывём у краіне, якая не пакіне без работы і прыбытку.

Да гэтай пары нараджальнасць можна павялічыць хіба што ўвядзеннем крымінальнай адказнасці за продаж і ўжыванне кантрацэптываў. Гэта, дарэчы, будзе вельмі сугучна нерву нашай сучаснасці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?