У размове са Свабодай кіраўнік новаўтворанага дзяржаўнага Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў (БІСД) Алег Макараў расказаў, як ідзе фармаванне Інстытута, у чым ён бачыць інфармацыйныя пагрозы для Беларусі і ці патрэбны краіне беларускамоўны інфармацыйны прадукт.

Пра стварэнне Інстытута стратэгічных даследаванняў стала вядома 12 лютага, пасля апублікавання адпаведнага ўказа кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі. Паводле ўказа, асноўнымі кірункамі дзейнасці новай структуры маюць быць вывучэнне тэндэнцый унутраных і міжнародных працэсаў, даследаванне выклікаў і рызыкаў у інфармацыйнай сферы.

У той жа дзень стала вядома, што новаствораную структуру ўзначаліць кіраўнік інфармацыйна-аналітычнага ўпраўлення Рады бяспекі Алег Макараў. Упраўленне спыніць існаванне.

Празь месяц пасьля публікацыі ўказа Алег Макараў адказаў на некалькі пытанняў Свабоды пра ход стварэння Інстытута і сваё бачанне рызыкаў і пагрозаў у сучаснай інфармацыйнай сферы.

«Будзем запрашаць самых розных экспертаў»

«На сёння Інстытут толькі ў стадыі станаўлення, — паведаміў Алег Макараў. — Яшчэ ідзе працэс набору людзей, таму пакуль яшчэ ніхто ў ім не працуе. Ва ўказе пазначана, што прэзідэнт даручыў цягам месяца выканаць усе неабходныя працэдуры, звязаныя з аплатай працы і гэтак далей. Месяц яшчэ не прайшоў, будзем пакрысе набіраць людзей. Пакуль для гэтага юрыдычнага абгрунтавання яшчэ няма».

Паводле кіраўніка Інстытута, штат апошняга будзе складацца з некалькіх дзясяткаў чалавек. Інстытут задуманы як стандартны think tank, у ім будуць працаваць некалькі дзясяткаў даследчыкаў, якія прафесійна займаюцца ўнутрыпалітычнай і замежнапалітычнай аналітыкай. Са словаў Алега Макарава, дзейнасць Інстытута стратэгічных даследаванняў будзе значна адрознівацца ад таго, чым займалася расфармаванае інфармацыйна-аналітычнае ўпраўленне пры Радзе бяспекі.

«Мая праца на новым месцы будзе адрознівацца ад таго, чым я займаўся раней, — гаворыць Макараў. — Тым, што стаіць задача стратэгічнага аналізу. Складаная задача. На сёння мне невядомыя структуры і аналітыкі, якія рабілі б якасны стратэгічны аналіз. У ІАЦ я займаўся ўсё ж аналізам сітуацыйным, практычным, назавем яго так. Аналізам падзеяў. Новая задача значна больш складаная».

Алег Макараў гаворыць, што новая структура будзе прыцягваць да супрацоўніцтва ў тым ліку і незалежных экспертаў.

«Задума такая, каб пачуць усе меркаваньні, — кажа дырэктар Інстытуту, — і абапірацца на найлепшыя практыкі. Маем намер узаемадзейнічаць і з замежнай супольнасьцю, з такімі ж фабрыкамі думак. Маем намер супрацоўнічаць з экспэртамі. З тымі, напрыклад, хто быў запрошаны на «вялікую размову» з прэзыдэнтам, і зь іншымі. Бо аналітыка патрабуе аб’ектыўнасьці».

«Беларускую мову не трэба супрацьпастаўляць расійскай»

12 сакавіка кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка ўхваліў Канцэпцыю інфармацыйнай бяспекі Беларусі. Навіна выклікала шырокі розгалас у СМІ, неафіцыйная версія дакумента разышлася па тэлеграм-каналах. Алег Макараў адзначае, што Інстытут стратэгічных даследаванняў не будзе займацца непасрэдна адсочваннем рызыкаў. Мэта дзейнасці новай структуры — аналізаваць іх.

«Выклікаў у інфармацыйнай сфэры шмат, яны зыходзяць з розных крыніц, — гаворыць Алег Макараў. — Сёння разглядалася канцэпцыя інфармацыйнай бяспекі, яна адказвае на пытаньні, там будуць сістэмна адлюстраваныя рызыкі і выклікі, якія адбываюцца ў інфармацыйнай сферы. Мы ведаем, што існуе негатыўны кантэнт, які ўздзейнічае на псіхіку моладзі, разбурае яе і гэтак далей. Існуе кантэнт, звязаны з экстрэмісцкай дзейнасцю. І гэтак далей.

Насамрэч гэта не задача Інстытута — адсочваць рызыкі і выклікі. Хутчэй — аналізаваць інфармацыйную прастору і выяўляць рызыкі, якія з'яўляюцца. Наш Інстытут — у чыстым выглядзе аналітычная структура, якая не будзе ажыццяўляць адміністрацыйных функцыяў. Альбо нейкіх адмысловых маніторынгавых».

Адказваючы на пытаньне аб магчымых рызыках, што могуць вынікаць зь перавагі расейскага кантэнту ў беларускай інфармацыйнай прасторы, Алег Макараў адзначыў, што на спажывецкім узроўні кожны можа мець свой досьвед. Аднак неабходна імкнуцца да таго, каб пераважаў уласны, створаны ў Беларусі кантэнт.

«Ідэальная сітуацыя — калі мы жывем у кантэнце, які фармуецца ў нас, — сцвярджае кіраўнік Інстытута стратэгічных даследаванняў. — Гэта прыярытэт і найбольш правільная сітуацыя. Але гаворачы нават пра спажывецкі досвед, калі вы кажаце, што ў нас пераважае расійскі кантэнт, то ў мяне, напрыклад, уражаньне, што вельмі шмат украінскага кантэнту. Калі са сваім дзіцёнкам наведваю нейкія Youtube-каналы, напрыклад.

Я б не сказаў, што ўсё канкрэтна вось так вось. Яшчэ раз паўтару, што трэба сыходзіць у бок інтарэсаў, чаго б мы хацелі. Пра пагрозы — так. Пагаджуся з вамі, што трэба выбудоўваць уласную сістэму, напаўняць яе ўласным кантэнтам. Гэта так, гэта правільна».

Пры гэтым, на думку Алега Макарава, беларускі кантэнт не абавязкова павінен быць беларускамоўным.

«Беларускамоўны кантэнт, вядома, важны, — гаворыць кіраўнік Інстытуту. — Але мне падаецца, што мову нельга выкарыстоўваць як зброю. Мова павінна не раз'ядноўваць, а аб’ядноўваць. У сувязі з гэтым я, вядома, думаю, што, несумненна, трэба падтрымліваць беларускую мову. Але яе нельга супрацьпастаўляць [расійскай]. І ўвогуле моўнае пытанне не варта супрацьпастаўляць. У нашым грамадстве дастаткова складаная сітуацыя з гэтым, і грамадства трэба аб’ядноўваць, а не дзяліць».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?