Ён сам сабе напрарочыў. Паўтара гады таму, прэзентуючы новага начальніка Міншчыны Крупца, Лукашэнка раптам прагаварыўся (заднім днём, калі адпусціў страх) пра адно латэнтнае наступства газавай вайны ўзімку 2007 года. А менавіта: выкліканая ёю паніка (пабеглі хапаць грошы з дэпазітаў) прывяла да таго, што ЗВР Беларусі скараціліся на траціну.

Дык вось, тады, у чэрвені пазалетась, Лукашэнка сказаў:

страшная не апазіцыя; крый божа, каб не было дэстабілізацыі фінансавага рынку, каб не спасціг дэфолт. Зараз гэтая страшылка матэрыялізуецца.

Многія ўмомант працверазелі і, забыўшыся на недаедзеную салату аліўе, кінуліся штурмаваць абменнікі ды секцыі імпартных тавараў. Прадпрымальнікі на рынках мяняюць цэннікі. Зачыніліся на пераацэнку і некаторыя крамы. У інтэрнэт-магазінах — вось яна, перавага віртуальнага гандлю! — усё ўжо пералічана па новым курсе.

Сёння я пачуў ад простай жанчыны (працуе прыбіральшчыцай у паліклініцы): мяне, маўляў, скокі валютных курсаў мала хвалююць, бо тых долараў, лічы, у руках не трымала. Неяк пражывём!

Просты люд, аднак, адчуе наступствы ўжо праз лічаныя дні: хваля падаражання дойдзе да празаічнага набору тавараў штодзённага попыту. Інфляцыю падхліснуць як чыста эканамічныя, так, бадай, і псіхалагічныя чыннікі. Напрыклад, «кінутыя» ўладамі іпэшнікі, што перад новым годам закуплялі тавар за валюту, а выручку атрымалі ў рублях-фанціках, міжволі мусяць браць рэванш на небараках-пакупніках.

Эканаміст Леанід Заіка прагназуе, што

ўжо цераз дзесяць дзён курс долара сягне пад тры тысячы. Увогуле ж ён прадракае сёлета інфляцыю 30-35%

і рэзюмуе: паратункам для айчыннага начальства можа стаць хіба пераход на расійскі рубель.

На фоне выбуху каментароў фінансава-эканамічнага кшталту, як ні дзіўна, мала хто разважае пра палітычныя наступствы.

Тытульная апазіцыя шмат гадоў песціла прыгожую схему: грымне крызіс, народ выйдзе на вуліцы, мы — наперадзе на белым кані, улада падае да нашых ног. Штосьці падказвае: схема непрацоўная.

Не будзем кідаць камяні ў летаргічна заснулую апазіцыю. Хіба што адна рэмарка: вось літаральна ў гэтыя дні варта было б, адсунуўшы ўбок келіхі з шампанскім, збіраць свае палітрады ды пісаць палымяныя адозвы, бо рэжым «падставіўся» як ніколі. А то рэвалюцыйная макулатура раскідаецца ў паштовыя скрыні «пад кампанію» і пераважна нечытаная шпурляецца абываталем проста пад ногі ў пад’ездах.

Народ, як падаецца, таксама не разгоніцца, выйшаўшы з алкагольнага марафону, адразу ж ладзіць рэвалюцыю, а найперш заклапоціцца праблемай самавыжывання.

Вось ужо, бач, ламануліся скупляць розны тавар, пакуль ён па старых цэнах. На думку палітолага Валера Карбалевіча, пакуль што пратэставыя настроі выльюцца пераважна ў «ласкавыя» выразы на адрас улады, якая «кінула».

Мой суразмоўца заўважае таксама: мы не ведаем дакладна патрабаванняў МВФ. Калі сапраўды ён ультыматыўна патрабуе спыніць фінансавую дзяржпадтрымку монстраў сацыялістычнай індустрыі, перакрыжаванае субсідаванне камуналкі і г.д., то можна чакаць вельмі суровых у сацыяльным плане наступстваў. Уявіце сабе, што за двухпакаёўку зімой давядзецца плаціць тысячаў 400-500 нашых фанцікаў (зараз, нагадаю, насельніцтва кампенсуе толькі 30,7% кошту жыллёва-камунальных паслуг)…

Звыш таго, зазначае Карбалевіч,

беларусы, адрозна ад расійцаў ды украінцаў, не праходзілі ў 90-я гады цераз выпрабаванне шматмесячнымі нявыплатамі заробкаў, пенсій. І яшчэ нюанс: крызіс падкасіў нашу краіну на этапе спажывецкага буму, калі народ увайшоў у смак прыгожага жыцця.

Таму кантрасны халодны душ дэвальвацыі і яе наступстваў, натуральна, моцна ударыць па іміджы улады, адзначае Карбалевіч.

Дарэчы, тут якраз падкінуў нізку свежай аналітыкі НІСЭПД. Апытанне ладзілася, праўда, яшчэ ў снежні. Аднак ужо тады 64,3% — амаль што дзве траціны — адказалі станоўча на пытанне «Ці лічыце вы, што ў Беларусі пачынаецца эканамічны крызіс?» (пры гэтым — цікавы штрых — толькі 39,4% лічылі дэвальвацыю «вельмі імавернай»). «Спікіравалі», паводле справаздачы НІСЭПД, індэксы матэрыяльнага становішча і спадзеваў.

Але, падкрэсліваюць сацыёлагі, гэтыя чыннікі не абвалілі паказчыкаў папулярнасці «ўсенародна абранага».

Электаральны рэйтынг Лукашэнкі летась у верасні быў 42,5%, у снежні — 40,2%; рэйтынг даверу прэзідэнту за той жа перыяд зменшыўся таксама толькі ў межах статыстычнай памылкі — ад 51,9% да 48,4%.

Стала ўжо штампам называць Лукашэнкаў рэйтынг тэфлонавым. У свежай справаздачы сацыёлагі НІСЭПД метафарычна назвалі яго «стойкім алавяным салдацікам».

Цікава, што пакажа наступнае апытанне? Ці сягне тэмпература грамадскага абурэння да той рысы, што расплавіць метал рэйтынгу? Уладная вярхоўка, каб адвесці гнеў, зараз дзяўбе, што крызіс — «не наш», ва ўсім вінаваты гнілы карумпаваны Захад.

Зрэшты, Лукашэнкаў рэйтынг ведаў і зусім кепскія часы. Абсалютны мінімум быў, здаецца, увесну 2003 года — 26,2%. Тады назіралася стагнацыя даходаў на фоне высокай інфляцыі, рэзкага росту камунальных тарыфаў — пасля таго, як пад выбары-2001 штучна нагналі культавыя 100 $.

Але неўзабаве пасля гэтага «гістарычнага мінімуму» пашэнціла ўзбіцца на схему «нафтавага афшору», прасцей кажучы — на расійскую дурніцу.

Перад выбарамі-2010 таксама можа пачацца паслякрызісны рост, не выключае Валер Карбалевіч. Хай сабе маленькі, але на свежыя станоўчыя зрухі народ рэагуе мацней, чым на непрыемны «леташні снег».

Так што «стойкі алавяны салдацік» яшчэ можа акрыяць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?