14.03.2019 / 09:52

На месцы непаўторнага яўрэйскага квартала Школьны двор у Гродне хочуць паставіць бетонную банальшчыну 16

Нядаўна ў Гродне пачалася рэканструкцыя гістарычнага будынка на месцы былога яўрэйскага квартала па адрасе Вялікая Траецкая, 47. У выніку «рэканструкцыі» ён павялічыцца амаль у дзесяць разоў, а ў гістарычным цэнтры горада вырасце чарговы бетонны гмах.

Самым абуральным у гэтай сітуацыі з'яўляецца тое, што падчас будаўнічых прац будзе знішчаны вялізны пласт культурнага слою ХІІ—ХІХ стст. (калісьці тут быў старажытны пасад) разам з падмуркамі сямі камяніц сярэдзіны ХІХ — пачатку ХХ стагоддзяў, якія стаялі на гэтым месцы. Напэўна, самым каштоўным будынкам сярод іх была малітоўня цэха мяснікоў. Гэта быў адзін з сямі яўрэйскіх храмаў Школьнага двара. Як нам удалося высветліць, пяць з гэтых храмаў былі пабудаваны (у некаторых выпадках перабудаваны) адным архітэктарам і ўяўлялі сабой адзіны архітэктурны комплекс, аналагаў якому на тэрыторыі нашай краіны проста не было!

Сінагога мяснікоў, сінагога адстаўных салдат, харальная сінагога… Яўрэйскія храмы Школьнага двара ўтваралі адзіны комплекс, аналагаў якому на тэрыторыі нашай краіны не існавала. 

Што такое Школьны двор?

Школьнымі дварамі ў нашым краі спрадвеку называлі гарадскія яўрэйскія кварталы, дзе звычайна побач з галоўнай сінагогай кампактна размяшчаліся малітоўні, або «школы». Часцей за ўсё пад гэтай назвай разумеліся асобныя будынкі або памяшканні, дзе яўрэі супольна маліліся і атрымлівалі рэлігійную адукацыю (у гістарычных дакументах — «малельныя школы»). У гарадах існавалі нават спецыяльныя малітоўні для асобных рамесных аб'яднанняў і прафесій: фурманаў, мяснікоў, вадавозаў, краўцоў, шкляроў, пільшчыкаў, падмайстраў і нават адстаўных салдат.

Чым быў унікальны гродзенскі Школьны двор?

Яўрэйскі квартал у Гродне пачаў фарміравацца ў 16 ст. каля Вялікай харальнай сінагогі, будынак якой у змененым выглядзе захаваўся да нашага часу. У цяперашні час храм лічыцца адным з найстарэйшых дзейных сінагог у Еўропе!

Вялікая харальная сінагога і Школьны двор. Фота пачатку ХХ ст.

Да першай паловы ХІХ ст. гродзенскі Школьны двор быў раёнам хаатычнай драўлянай забудовы паміж вуліцамі Крывой і Школьнай Жыдоўскай, дзе з-за высокай шчыльнасці насельніцтва часта здараліся пажары. Найбольш моцны пажар адбыўся ў 1837 г., калі згарэла некалькі дзясяткаў дамоў. На знішчаным пажарам месцы ў 1838 г. губернскія ўлады вырашылі зрабіць гандлёвую плошчу, якая цягам ХІХ—ХХ стагоддзяў называлася «Школьны двор», «Рыбная плошча», а потым «Мясны рынак». Тут было шмат драўляных крамак, дзе звычайна гандлявалі прадуктамі жывёльнага паходжання і хлебам.

Падчас вялікага пажару, які адбыўся летам 1899 г., Школьны двор выгараў амаль дашчэнту. Агнём былі знішчаны фактычна ўсе малітоўні і прытулак для хворых, а таксама моцна пашкоджаны будынак сінагогі. Адбудова квартала стала надзвычай важнай справай для ўсёй яўрэйскай грамады горада. Сінагогу, прытулак, а таксама тры малітоўныя школы было вырашана адбудаваць комплексна. Для гэтай мэты быў запрошаны самы круты і модны на той час у горадзе архітэктар — Майсей Зельманавіч Любіч, які да гэтага часу паспеў збудаваць у Гродне як мінімум тры малітоўныя школы, сярод якіх — будынак школы цэху мяснікоў ля галоўнай сінагогі.

Школьны двор. Фотаздымак міжваеннага часу. З усіх будынкаў, што мы бачым на першым плане, захавалася толькі сінагога. 

Самы модны гродзенскі архітэктар

Майсей Любіч валодаў прыватнай праектнай арганізацыяй — тэхнічнай канторай, у якой выконваліся праекты будынкаў. Ён быў сынам чальца гарадской управы Зельмана Любіча і, відаць, меў добрую адукацыю і неблагія сувязі.

Цягам некалькіх гадоў па праекце Любіча ў навамодным маўрытанскім стылі былі перабудаваныя галоўная сінагога, будынак школы хасідаў і Кляўз, і з нуля ўзведзеныя школы Хеўра-Алшых і цэха мяснікоў. На будынак новага прытулку для хворых, відаць, не хапіла грошай. Галоўнай мастацкай асаблівасцю, які аб'ядноўваў гэты комплекс з пяці яўрэйскіх храмаў, з'яўлялася багатае дэкараванне вонкавых сцен рустам і ўпрыгожванне вокнаў ліштвамі, фланкаванне фасадаў квадратнымі вежамі з кілепадобнымі завяршэннямі.

Школа Хеўра-Алшых. Праектны план 1900 года. Аўтар — М. Любіч. Паводле інфармацыі hrodna.life, «Хеўрэ», або «хеўра» ў перакладзе — брацтва (аб'яднанне), «Алшых» — хутчэй за ўсё, прозвішча равіна (адміністратара, мецэната) малітоўні.

Графічная рэканструкцыя фасаду малітоўнай школы цэха мяснікоў аўтарства М. Любіча, на месцы якой будзе ўзведзены новы аб'ём са шкла і бетону.

Незрэалізаваны праект прытулку для хворых.

Любіч упершыню засвяціўся ў якасці архітэктара пасля таго, як у выніку веснавога пажару 1885 г. згарэла палова Гродна. Горад пачаў адбудоўвацца вельмі імкліва, і такія прафесіі, як архітэктары і будаўнікі, былі аднымі з найбольш запатрабаваных. Самымі прыкметнымі праектамі М. Любіча ў гэты час з'яўляюцца дом купца Мураўёва на Параднай плошчы, воданапорная вежа і дом купцоў Франкаў на Саборнай вуліцы. Пасля рэалізацыі гэтых аб'ектаў архітэктар набыў вядомасць. Галоўнымі кліентамі Любіча выступалі самыя заможныя жыхары Гродна.

Дом купца Мураўёва на цэнтральнай плошчы — самы адметны грамадскі будынак Гродна. Ён таксама ўзведзены па праекце М. Любіча. 

Пра тое, наколькі паважаным быў чалавекам Майсей Любіч, сведчыць той факт, што ў 1891 г. гарадскі галава Гродна звярнуўся з просьбай да губернатара аб наданні яму ганаровага грамадзянства. Аднак міністэрства юстыцыі не дазволіла зрабіць гэтага, спасылаючыся на тое, што той не адпавядае патрабаванням аб наданні асабістага ганаровага грамадзянства. Нягледзячы на адмову, архітэктар актыўна ўдзельнічаў у грамадскім жыцці горада: ён з'яўляўся сябрам праўлення добраахвотнага пажарнага таварыства, а таксама сябрам таварыства па забеспячэнні беднага насельніцтва дровамі і іншымі прадметамі першай неабходнасці.

Што пабудуюць на тэрыторыі былога Школьнага двара?

Да нядаўняга часу ад былога Школьнага двара, не лічачы сінагогі і малітоўнай школы Кляўз, захаваўся апошні дом, празваны ў народзе «крывым» з-за характэрнай выгнутай формы фасаду. Ён некалькі год пуставаў і быў на грані зносу. У 2017 годзе ўласнік — чайны дом «ЧайКоффский» — вырашыў перабудаваць будынак пад гасцініцу з броварам і офісамі. У канцы 2018 года на аб’екце пачаліся падрыхтоўчыя працы. Ні грамадства, ні гісторыкі не мелі магчымасці прысутнічаць на грамадскіх слуханнях, магчыма, іх проста не было. У такіх таямнічых умовах пачалася рэалізацыя праекта. Найперш будаўнікі знеслі «крывы дом», пакінуўшы толькі яго фасадную частку.

Крывы дом. Апошні грамадскі будынак Школьнага двара. Фота 2009 года. 

І толькі тады, нарэшце, на плоце перад будынкам быў вывешаны праектны план рэканструкцыі. Тое, што было прадстаўлена там у выглядзе малюнкаў, прывяло грамадства ў шок!

Знешні выгляд навабуда. Сваімі памерамі будынак будзе пераўзыходзіць сінагогу — архітэктурную дамінанту Школьнага двара. 

Замест тыповай камянічкі неўзабаве там вырасце жалезабетонна-шкляная пачварная гаргара, якая сваімі памерамі будзе пераўзыходзіць будынак галоўнай сінагогі. Фактычна, сваім аб'ёмам гэты монстр «з'есць» палову тэрыторыі былога Школьнага двара і пахавае пад сабой падмуркі сямі камяніц канца ХІХ стагоддзя, сярод якіх адна з самых прыгожых — малітоўная школа мяснікоў аўтарства архітэктара М. Любіча!

І гэта прытым што ўвесь гэты комплекс вырасце пад самым бокам сінагогі — адной з самых галоўных атракцый для турыстаў у горадзе.

Будынак гродзенскай Вялікай харальнай сінагогі. У хуткім часе насупраць яе вырасце навабуд, які будзе пераўзыходзіць яе памерамі. 

Да таго ж, гэты комплекс назаўсёды пахавае ідэю адраджэння і рэгенерацыі Школьнага двара. А ў выніку будаўніцтва пры адсутнасці археалагічных раскопак (а менавіта тут у ХІІ стагоддзі знаходзіўся гарадскі пасад) на сметнік будзе вывезена некалькі сотняў кубаметраў надзвычай каштоўнага для навукі культурнага слою. Варта сказаць, што цягам апошніх гадоў у горадзе фактычна не праводзіліся паўнавартасныя археалагічныя раскопкі. Усе будаўнічыя працы ў цэнтры праводзяцца пад наглядам археолагаў, якіх прысылае ў Гродна Акадэмія навук. Уся сутнасць працы гэтых «археолагаў» заключаецца ў фотафіксацыі культурнага слоя і назіранні за тым, як будаўнічая тэхніка рые катлаваны і вывозіць грунт за горад. Зразумела, што ўсе каштоўныя артэфакты ў такіх умовах немагчыма заўважыць, і яны трапляюць на гарадскі сметнік. Невядома, колькі найкаштоўнейшых артэфактаў мы страцілі ў выніку такіх «археалагічных наглядаў». Магчыма, лік ідзе на тысячы.

Археалагічны нагляд ля сцен сінагогі, 2018 г. У выніку пракладкі камунікацый былі часткова знішчаны падмуркі малітоўнай школы Хеўра-Алшых. 

Атрымліваецца, улады дзеля невялікай для гарадскога бюджэту выгоды пайшлі насустрач інвестару, які знішчыць культурны пласт пасада і ўсе надзеі на рэгенерацыю квартала. У ідэале, на гэтай тэрыторыі можна было б правесці планавыя археалагічныя раскопкі і аднавіць знішчаныя малітоўныя дамы ў комплексе з сінагогай, што мела б непараўнальна большыя шансы стаць адным з самых прыгожых месцаў горада.

Мечыслаў Супрон, Гродна

2
Бабрина / Адказаць
14.03.2019 / 10:19
У Гародне ўлады адчулі водар лёгкіх грошаў, калі туды пацягнуліся інвестары. Як гэта ў нас часта атрымліваецца, ніхто не думае, што ў перспектыве турызм прынес бы значна бльш прыбытку. Шкада гэты горад, вельмі яму недастае чалавека, які б не толькі любіў гісторыю, але і ўмеў уплываць на людзей. Можа быць калі-небудзь, можа быць яшчэ не будзе зусім позна..
5
Козік / Адказаць
14.03.2019 / 10:37
І што, адмарозкам не хапае месцаў для іх новабудаў??  Хапае, але ж ім трэба абавязкова нагадзіць беларусам..
31
Антон Астаповіч / Адказаць
14.03.2019 / 10:57
Пабачыў гэтую іфармацыю. У чарговы раз хачу выказацца на тэму. У артыкуле прагучала думка, што дадзены праект распрацоўваўся таямніча. Нават працытую: "Ні грамадства, ні гісторыкі не мелі магчымасці прысутнічаць на грамадскіх слуханнях, магчыма, іх проста не было". Звяртаю ўвагу на фразу - "магчыма іх проста не было". Гэта азначае, што грамадскае абмеркаванне ці то ПДП дадзенай тэрыторыі, ці канкрэтнага праекта магло быць, проста яго магчыма ў чарговы раз "праспалі".Ніхто не павінен на грамадскія абмеркаванні гісторыкаў і грамадскасць вадзіць за ручку. Пра абмеркаванні праектаў, і пра парадак правядзення абмеркаванняў загадзя паведамляе выканкам на сваім сайце. Проста ніхто не адсочвае інфармацыю, а потым вінавацім каго заўгодна, але не сябе. Калі асабіста я нешта прахлопваю, бо далёка не ўсё па Беларусі адсочыш, то маўчу ў анучку, бо чаго шумець, калі сам вінаваты.
Што зараз рабіць? А нічога не зробіш, бо калі ўжо агароджана будаўнічая пляцоўка, вывешаны пашпарт аб'екта, то праект прайшоў усе стадыі ўзгадненняў, атрыманы дазвол на будаўніцтва, і працэс пайшоў, і гэты працэс незваротны. Для ачысткі сумлення напішу ў выканкам, пракуратуру, і тое не для таго, каб спыніць, бо немагчыма гэта, а каб у чарговы раз прасачыць ланцужок узгадненняў праекта, які ў шэрагу пунктаў не адпавядае нарматывам, прадугледжаным для гэтай тэрыторыі.
Паказаць усе каментары/ 16 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру