© Genocido aukų muziejus

© Genocido aukų muziejus

У аўторак Еўрапейскі суд па правах чалавека (ЕСПЧ) заявіў, што суды Літвы абгрунтавана прызнаюць генацыдам савецкія рэпрэсіі супраць літоўскіх партызан, паведамляе Delfi.lt

Страсбургскі суд адхіліў скаргу былога супрацоўніка КДБ Станіславаса Дрэлінгаса, прызнанага вінаватым у генацыдзе за ўдзел у аперацыі па затрыманні камандзіра літоўскіх партызан, якія змагаліся з савецкай уладай, Адолфаса Раманаўскаса-Ванагаса.

Еўрапейскі суд пагадзіўся з тлумачэннямі Вярхоўнага суда Літвы аб тым, што сістэмнае знішчэнне літоўскіх партызан, якое ажыццяўлялася савецкімі акупантамі, можа лічыцца генацыдам літоўскага народа.

Суддзі прызналі, што савецкія рэпрэсіі ставілі за мэту ўздзейнічаць на дэмаграфічнае становішча літоўскага народа, а партызаны і іх сувязныя «выконвалі істотную ролю ў захаванні нацыянальнай ідэнтычнасці, культуры і нацыянальнай самасвядомасці». Страсбургскі суд падкрэсліў, што, хоць С. Дрэлінгас сам не прымаў рашэння аб ажыццяўленні экзэкуцыі А. Раманаўскаса-Ванагаса, «але нават шараговы вайсковец не можа цалкам, слепа выконваць законы, якія груба парушаюць прызнаныя на міжнародным узроўні правы чалавека, асабліва права на жыццё».

За такое рашэнне прагаласавалі пяць суддзяў Страсбургскага суда, двое былі «супраць».

88-гадовы С. Дрэлінгас быў асуджаны за тое, што ў кастрычніку 1956 года ўдзельнічаў у тайнай аперацыі ў Каўнасе па затрыманні А. Раманаўскаса-Ванагаса. З улікам слабога здароўя і другараднай ролі ў гэтай аперацыі Вярхоўны суд скараціў пяцігадовы тэрмін пакарання, і асуджаны фактычна адбыў у зняволенні 5 месяцаў і 6 дзён.

С. Дрэлінгас і яго адвакаты сцвярджаюць, што партызанскі рух павінен ацэньвацца як дзейнасць палітычнай групы, таму дзеянні супраць партызан не могуць лічыцца генацыдам.

У пасляваенным ўзброеным супраціве ў Літве ўдзельнічалі мінімум 50 000 чалавек.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0