А таксама вушы, насы і локці трох яго жонак – знайшліся. Піша Сяргей Харэўскі.

У траўні ў Музэі старажытнабеларускай культуры Акадэміі навук адбылася незвычайная акцыя. Дырэктар музэю Барыс Лазука атрымаў ад мастакоў Віктара Маркаўца і Міколы Купавы важкую скрынку з... фрагмэнтамі Сапегаў. Дакладней, часьцінамі скульптурнага надмагільля Паўла Сапегі і трох яго жонак, што зьберагаецца ў музэі.

Шыкоўнае надмагільле ў духу маньерызму колькі стагодзьдзяў аздабляла Гальшанскі касьцёл. Храм у цэнтры мястэчка ўзьвёў сам Павал Стэфан Сапега, у 1618 годзе. Сам жа ў ім і супачыў. За савецкім часам касьцёл доўга стаяў спустошаны, толькі ў часы незалежнасьці ён быў аддадзены вернікам і адрэстаўраваны. У правым касьцельным нэфе пахаваны парэшткі Сапегаў. Тут да нядаўняга часу знаходзіўся й славуты саркафаг.

Касьцёлам натхняўся Караткевіч, калі ствараў «Чорны замак Альшанскі». З Сапегавага надмагільля ён «сьпісаў» саркафагі князёў Альшанскіх. Тыя чатыры, у рост чалавека, скульптуры з шэра-блакітнага мармуру, што захоўваюцца цяпер у музэі, стварылі італьянскія майстры XVII ст. Зьлева – рыцар у панцыры – сам Павал Стэфан Сапега. Побач, у шыкоўных мармуровых сукнях, ляжаць тры яго жонкі. Першую і другую ён пахаваў яшчэ сам. А ўжо яго, сівога мажнаўладца, правяла ў апошні шлях трэцяя. Яна нашмат перажыла мужа і загадала пасьля сьмерці зьмясьціць свой саркафаг у ягоную магілу, усталяваўшы агульнае надмагільле.

Гэта толькі ў рамане Караткевіча касьцёл у Альшанах дзейнічае. Правобраз у савецкія часы быў апаганены і разрабаваны. Сіроты з суседняга інтэрнату, што быў побач, у кляштары нішчылі ўсё, што трапляла пад руку – арган, вітражы, абразы, аўтарныя фрэскі. Скульптуры Сапегаў таксама пацярпелі. У 1980-я, калі з касьцёлу рабілі склад, зьявілася магчымасьць забраць надмагільлі ў музэй. Сьпяшаючыся, аматары старасьвеччыны, навукоўцы з памагатымі тое-сёе згубілі: мармуровыя ўломкі рук, твараў, дэкору... Але слынны сваёй рупнасьцю мастак Яўген Кулік усё пазьбіраў, спакаваў і перахаваў. Па сьмерці мастака ў яго майстэрні й быў выяўлены гэты скарб. Сябры Я.Куліка, Віктар Маркавец і Мікола Купава, урачыста перадалі фрагмэнты ўнікальнага помніка нашае старасьвецкае плястыкі ў музэй.

Віктар Маркавец (зьлева) і Мікола Купава перадаюць Барысу Лазуку (справа) рарытэты.

Гэтая падзея – лыжка мёду ў бочцы зь дзёгцем. Неабыякавым да беларускай культуры людзям яшчэ доўга будзе балець страта Менскай археалягічнай калекцыі, вывезенай на сьметнік у лютым. Вінаватых не знайшлі. Беларусь – край безыменных герастратаў. А вось калі што й робіцца добрага на ніве зьберажэньня нашае спадчыны, дык толькі дзякуючы канкрэтным людзям, якія дзейнічаюць без падтрымкі, а то і насуперак дзяржаве. Як дваццаць ці трыццаць гадоў таму.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0