Паэту Уладзіміру Карызне, які ўзяў за аснову тэкст гімна БССР, напісаны першым старшынёй Саюза пісьменнікаў БССР Міхасём Клімковічам, прыйшлося вытрымаць шмат крытыкі, часам балючай. Пра тое, як пісаўся галоўны музычны твор Беларусі, аўтар расказаў у інтэрв'ю газеце «СБ. Беларусь сегодня». 

Паэт Уладзімір Карызна. Фота Віталя Гіля.

Паэт Уладзімір Карызна. Фота Віталя Гіля.

— Мяне многія папракалі, што я перапрацаваў тэкст Міхася Клімковіча, хоць заўсёды і ўсюды, калі заходзіць гаворка пра аўтарства гімна, я стаўлю яго імя на першае месца! Але скажыце, як можна было адмовіцца ад самага першага радка: «Мы, беларусы …»? Адысці ад нацыянальнай самасвядомасці, ад нашай самаідэнтыфікацыі? Зараз, па сканчэнні часу, я слухаю і разумею: усё склалася правільна, атрымаўся добры гімн.

Паэт успамінае, як хваляваўся і перажываў, калі атрымаў прапанову паўдзельнічаць у конкурсе на стварэнне Дзяржаўнага гімна:

— Сказаць «не» абсалютна немагчыма — не кожны дзень табе аказваюць такі давер, але і пагадзіцца з ходу было цяжка: я ж выдатна ўсведамляў, наколькі складаная чакае справа. Тут аўтарам трэба так падскочыць, каб зоркі сарваць! Такія былі пачуцці.

Словы гімна — гэта не лірычны верш, тут правільней сказаць «тэкст». І музыка не песня ў звычайным сэнсе.

Што значыць напісаць гімн сваёй краіны? Гэта вельмі сур'ёзна, але мне сказалі «трэба», і я ўзяўся.

У стварэнні гімна паэт павінен адштурхоўвацца ад мелодыі, прапанаванай кампазітарам, палічыў Уладзімір Карызна і пачаў пошукі сааўтара:

— У краіне было шмат надзіва таленавітых кампазітараў, быццам ёсць з каго выбіраць, але я прыйшоў да думкі, што нікому з нашых сучаснікаў такое не пад сілу. Мне тады так здалося. Ужо да чаго, напрыклад, Юрый Семяняка быў песеннік, непераўзыдзены нікім, але — не для гімна. Гэта зусім іншага парадку рэч. Гімн у некаторым родзе — з'ява прыроды, як гром. І тады я, пераслухаўшы яшчэ раз гімн БССР, складзены Нестарам Сакалоўскім, спыніўся на ранейшай музыцы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?