Чытачы “Нашай Нівы” выявіліся сапраўднымі грамадзянамі. Колькасьць падпісчыкаў пасьля Новага году вырасла на 320 чалавек, і зьвесткі працягваюць надыходзіць. Ён хацеў запалохаць, а сутыкнуўся з радыкалізацыяй грамадзянскага духу. Гэта нармальная рэакцыя нармальнай нацыі.

Дзякуй тым 47 чытачам, якія прапанавалі распаўсюджваць газэту. Цяпер задача — арганізаваць розьнічны распаўсюд. Прашу ўсіх здольных далучацца.

Як бачыце, газэта з новага году стала цалкам новаю. Дакладней, старою: вярнулася да фармату часоў Мікалая ІІ. Цяпер кожны можа здрукоўваць яе. Прачытай і скапіюй другому. Прачытай і падшый. Газэта даецца вялікім трудом. Шануйце яе.

Хай падпіска на “НН” стане першым крокам, пасьля якога вы пачнеце скрозь і заўжды гаварыць па-беларуску. Як многія пачалі пасьля Ганебнага рэфэрэндуму 1995 году.

Спачатку было нязвыкла, яны бянтэжыліся і гублялі пэўнасьць. Цяпер мова для іх — стыхія і візытоўка, па якой іх пазнаюць і якая дапамагае ў самых складаных сытуацыях. Ведаю многа такіх людзей.

Разумею, што цяжэй зьдзейсьніць такі пераход сталым людзям, сацыяльнае кола якіх сфармаванае. Або тым, хто ў маленстве не гаварыў на роднай мове. Але: мала чытаць — трэба гаварыць. На мове, на трасянцы, на дыялектах.

Калі для кагосьці з вас мяжою стане цынічная забарона беларускіх газэтаў, значыць мы не дарма рабілі гэты нумар.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0