Дзмітрый Філіповіч, фота Вадзіма Заміроўскага, Tut.by
«Наша Ніва» пагутарыла з героем надзвычайнай сітуацыі ў Печах Дзмітрыем Філіповічам — старшым лейтэнантам, які выратаваў салдата ад выбуху гранаты, выпхнуўшы яго з акопа і прыкрыўшы сабой.
Чытайце таксама: У Печах афіцэр закрыў сабой салдата, які выпусціў баявую гранату ў акоп
Цяпер Філіповіч разам з выратаваным салдатам на лячэнні — яны абодва атрымалі невялікія траўмы.
Філіповіч расказаў, як усё адбылося.
— Як салдат выпусціў гранату?
— Ён сам не можа патлумачыць — выпала з рукі. Моманту падзення я не бачыў, убачыў, калі яна апынулася на зямлі, пачуў хлапок. А салдат? Салдат стаяў на месцы і глядзеў. Граната РГД-5, наступальная. Радыус паражэння — 25 метраў.
— Вашы дзеянні?
— Я ўбачыў: яна ляжыць. Спачатку выкінуў яе. Ну як, паспрабаваў выкінуць з акопа. Узяў рукамі, але нізка нахіліўся, недастаткова высока кінуў… яна ўдарылася аб цагляную сценку акопа і ўпала назад, у акоп. Троху далей, чым адразу, але факт у тым, што ўсё ж у акоп. Тады я ўзяў салдата, выпхнуў яго з акопа, накрыў сабой. Я не ведаю як я яго выпхнуў, відаць, адрэналін даў сілу. Усё на аўтамаце было — неяк жа адужаў. Калі б яшчэ раз паўтарыць сітуацыю, то не ведаю, ці здолеў бы.
— Колькі гэта заняло часу?
— Пяць секунд. За гэты час усё адбылося.
— Што было ў галаве? Страх быў?
— Не было ніякіх думак. Усё адбылося, а думкі пачаліся ўжо пасля выбуху. Пачалі глядзець, ці ўсе жывыя. Я адразу ў сябе нічога не адчуў, пачалі глядзець, што ў салдата, а потым і мне сказалі, што цячэ кроў. Раненні не вельмі сур'ёзныя: тры аскепкавыя. Адна рана глыбейшая троху. Але косткі не зачапілі, толькі мяккія тканкі. А эмоцыі… Я аб гэтым толькі сёння пачаў думаць. Страшнавата неяк, калі думаеш, як гэта магло скончыцца. Жыццё я пакуль не пераасэнсаваў, канечне, не паспеў. Мы ляжым у палаце разам з салдатам, вось сёння разважалі з ім, як бы гэта ўсё магло скончыцца, дзе б мы былі цяпер, калі б атрымалася троху іначай.
Павел Бацяноўскі (злева) і Дзмітрый Філіповіч (справа), фота Вадзіма Заміроўскага, Tut.by
— Салдату цяпер нешта пагражае?
— Нічога не пагражае яму. Выпадковасць. Як гэта будзеш трактаваць іначай? Ён жа не хацеў спецыяльна ўзяць і забіць мяне, сябе.
— Як ваша мама даведалася?
— Маме пазваніла братава, яна ў інтэрнэце прачытала і расказала ёй. Ну а тая мне ў слязах пазваніла, словаў не было. А я запэўніў, што жывы і здаровы — амаль здаровы. Еду ў шпіталь.
— Як гэта — быць героем?
— Я б не сказаў, што гэта вялікі подзвіг, бо, я думаю, любы афіцэр на маім месцы зрабіў бы тое ж самае. Для мяне нічога не змянілася, буду працягваць служыць. Хачу вярнуцца на службу хутчэй.
— Ці магчыма такія выпадкі ў будучыні прадухіліць?
— Усё неабходнае мы робім і так: салдаты кідаюць імітацыйныя гранаты, праходзяць увесь інструктаж, знаёмыя з тэхнікай бяспекі, усё гэта расказваецца і паказваецца. Гранату яны першы раз бяруць у рукі не баявую, канечне, а вучэбную. Гэты выпадак — выпадковасць. А выпадковасць не прадугледзіш, усе людзі розныя.
— Дарэчы, можа быць, такі выпадак — нагода для пазачарговага атрымання звання?
— Я не думаў пра гэта, на гэты момант хачу падлячыцца і вярнуцца дадому, у часць.