Навагодняя паштоўка грамадскай ініцыятывы «Будзьма!» з’явілася на рэкламных стэндах у беларускіх кавярнях.

Арганізацыя, якая мае на мэце прышчапленне нам беларускасці, шукае новыя медыі для пашырэння сваіх ідэяў. Гэты разам былі абраныя рэкламныя паштоўкі.

Рэклама на дармавых паштоўках — даўно вядомы ва ўсім свеце праект, які карыстаецца вялізарнай папулярнасцю сярод маладых. Яго сутнасць— распаўсюд рэкламы і грамадскай інфармацыі па сетцы стэндаў, якія вісяць у кавярнях, дыскатэках і ў модных крамах. Наведнік падыходзіць да такога, усталяванага зазвычай ля ўваходу, стэнда, і сярод размаітых паштовак бярэ ўпадабаную. Адну, дзве... Як больш, то лепей.

Рэкламная паштоўка дае магчымасць аператыўна інфармаваць наведнікаў (чытай - патэнцыйных спажыўцоў) пра будучыя падзеі (акцыі, зніжкі і г.д.), ладзіць конкурсы і апытанні. У Еўропе стэнды з дармавымі паштоўкамі даўно зрабіліся часткаю побытавай культуры ды іх можна знайсці амаль што ва ўсіх «перадлазніках» моладзевых кавярняў. У Беларусі ж тыя стэнды з’явіліся нядаўна і пакуль што не здабылі еўрапейскай папулярнасці ды іх прысутнасць абмяжоўваецца збольшага цэнтральнымі кавярнямі сталіцы.

Паводле звестак кампаніі, якая апекуецца рэкламнымі паштоўкамі ў Беларусі, Fly cards, 86 адсоткаў спажыўцоў дармавых паштовак — людзі ў веку ад 18 да 35 гадоў і таму гэты рэкламны ход грамадскай ініцыятывы «Будзьма!» выразна скіраваны на маладое пакаленне. Піпл, будзьма беларусамі!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?