18.03.2019 / 10:37

Вашынгтон: Дарадца Пуціна Лесін мог атрымаць пералом шыі перад смерцю 2

Былы міністр Расіі па справах друку, тэлерадыёвяшчання і сродкаў масавых камунікацый, дарадца Уладзіміра Пуціна Міхаіл Лесін, які загінуў у Вашынгтоне ў 2015 годзе, мог атрымаць пералом шыі крыху ніжэй лініі сківіцы «ў момант смерці або незадоўга да яе».

Пра гэта гаворыцца ў справаздачы, прадстаўленай Радыё Свабода/Радыё Свабодная Еўропа (RFE/RL) гарадскімі ўладамі Вашынгтона, піша ўкраінская служба Радыё Свабода.

Дакумент, які складаецца з 149 старонак, падрыхтаваны Офісам галоўнага судовага медыка.

Справаздача перададзена згодна з рашэннем суда, які 14 лютага прызнаў права Радыё Свабода атрымаць дадзеныя пра смерць Лесіна, паводле амерыканскага закона аб свабодзе доступу да інфармацыі.

«У справаздачы гаворыцца, што пад'язычная косць Лесіна (костка мае форму падковы і размешчана пад цягліцай языка) была зламаная. Таксама была зламаная шыя ніжэй сківіцы, гэтая траўма магла быць атрымана ў момант смерці або перад ёй. Пры гэтым у іншым месцы ў дакуменце сцвярджаецца, што шыя магла быць зламаная пры ўскрыцці цела», — піша Радыё Свабода.

У справаздачы таксама паведамляецца, што ў пачатку 2016 (Лесін памёр у лістападзе 2015 года) ФБР разглядала магчымасць пачаць расследаванне гібелі былога міністра: агенты Федэральнага бюро ўзялі ўдзел у допыце сведак і вывучэнні запісаў відэакамер гатэля, дзе ён памёр.

Нагадаем, Лесін памёр у Вашынгтоне 5 лістапада 2015, яго цела было знойдзена ў гатэлі The Dupont Circle. Следчыя выявілі, што смерць наступіла ў выніку траўмы ад удару тупым прадметам па галаве.

У кастрычніку 2016 праваахоўныя органы ЗША закрылі справу аб смерці Лесіна. Прычынай смерці названы няшчасны выпадак.

У ліпені 2017 выданне BuzzFeed са спасылкай на двух агентаў ФБР і супрацоўніка разведкі ЗША пісала, што Лесіна забілі да смерці.

1
LitvinM / Адказаць
18.03.2019 / 14:30
Так там кажуць - жывога месца БІТАМІ не пакінулі
3
mikola ramanau / Адказаць
18.03.2019 / 16:38
..Kazali byu  dobry dzjacka...
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру