Няўстойлівае надвор'е з дажджом і мокрым снегам і да 12 градусаў цяпла чакаецца ў Беларусі на гэтым тыдні, паведамілі БелТА ў Гідрамеце.
У аўторак днём месцамі па краіне чакаецца моцны парывісты вецер. Тэмпература паветра ўначы ад нуля да +5, днём — + 5-11.
У сераду, 20 сакавіка, будзе пераважна без ападкаў, толькі месцамі па поўначы магчымы мокры снег і дождж). Уначы ад мінус 3 да +3, удзень — +3-10.
У чацвер сістэма атмасферных франтоў з Заходняй Еўропы прынясе новую порцыю вільготнага паветра. Ноччу і раніцай на большай частцы тэрыторыі, днём месцамі, у асноўным па ўсходзе краіны, пройдуць кароткачасовыя ападкі. Месцамі прагназуецца ўзмацненне ветру парывамі да 15-18 м/с. Ноччу ад мінус 2 да +4, днём — +4—11.
У пятніцу, 22 сакавіка, месцамі па краіне пройдуць кароткачасовыя дажджы. Уначы ад мінус 3 да +4, днём — +5-12.