У тэлеграм-канале Нехта з’явілася фота цікавага даручэння. Згодна з ім, цяпер мерапрыемствы з удзелам кіраўніка дзяржавы мусяць мець «творчыя і нестандартныя падыходы і формы».
Пры гэтым «мусіць чотка прасочвацца ідэалагічны складнік, які адлюстроўвае важнасць сустрэч».
«Традыцыйныя формы і метады ў працы над мерапрыемствамі з удзелам кіраўніка дзяржавы цяпер не прымаюцца», — гаворыцца ў даручэнні прэм'ер-міністра Сяргея Румаса.
Вядучы спецыяліст апарата Савета міністраў Міхаіл Малахоўскі пацвердзіў праўдзівасць дакумента. Па яго словах, гэта выклікана «жаданнем не прымяняць старыя метады».
«Вашым ці прэзідэнта?» — удакладніў карэспандэнт «Нашай Нівы».
«Узаемным жаданнем», — адказаў Малахоўскі.
Ці будуць нейкія санкцыі для тых, хто працягне ладзіць не надта крэатыўныя мерапрыемствы, Малахоўскі паведаміць не змог.
Прэзідэнцкі баль. Фота president.gov.by