president.gov.by

president.gov.by

Пытанні стану і далейшага развіцця рынку тэлекамунікацый у Беларусі вынесены на нараду ў Аляксандра Лукашэнкі, паведамляе прэс-служба.

Гэтую сферу кіраўнік дзяржавы назваў адным з найбольш перспектыўных сектараў беларускай эканомікі. «Гэта самая хуткарослая галіна. З 2011 года яе доля ў валавым унутраным прадукце вырасла амаль у два разы, забяспечвае працай каля 100 тыс. чалавек. Важна, што гэта высокатэхналагічная частка эканомікі, якая не мае патрэбы ні ў танных нафце, газе ці іншых матэрыяльных рэсурсах. А значыць, яе поспехі ўмацоўваюць нашу эканамічную незалежнасць», — падкрэсліў беларускі кіраўнік.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Беларусь уваходзіць у групу краін з высокім узроўнем развіцця ІКТ і адпаведнай інфраструктуры. «Мы з'яўляемся лідарам на прасторы СНД, не саступаючы такім еўрапейскім краінам, як Італія, Партугалія, Чэхія», — сказаў ён.

«Калі ўчора інтэрнэт рэчаў быў чымсьці абстрактным, то сёння абмен дадзенымі ў аўтаматычным рэжыме, без удзелу чалавека паміж рознымі сістэмамі ў ЖКГ, прамысловасці, транспарце, лагістыцы стаў абсалютнай рэальнасцю. Больш за тое, тэлекамунікацыі проста неаддзельныя ад лічбавай трансфармацыі эканомікі. Таму нам неабходна паглядзець на тое, як гэтыя сферы будуць развівацца ва ўзаемнай увязцы», — дадаў Аляксандр Лукашэнка.

У сувязі з гэтым ён паставіў перад удзельнікамі нарады пытанне, якія меры патрэбныя для таго, каб не проста захаваць пазіцыі ў сусветных рэйтынгах, але і палепшыць іх, а таксама што сёння стрымлівае развіццё ІКТ у Беларусі, якія патрэбныя дадатковыя рашэнні.

«Патрэбна канкрэтыка без усялякіх разваг. Але пры гэтым хачу папярэдзіць: ёсць шэраг прапаноў, у тым ліку па інвеставанні ў гэту сферу, хацелася б, каб вы не пераконваць мяне прыйшлі ў нейкім варыянце, а прапаноўвалі альтэрнатыўныя. Пераконваць мяне не трэба. У мяне ёсць пэўныя крытэры: калі гэта выгадна дзяржаве і народу, я заўсёды пагаджуся. Але патрэбныя варыянты», — рэзюмаваў Лукашэнка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0