Сёння беларускія каталікі бізантыйскага абраду святкуюць Богаз’яўленне (Вадохрышча). Пасля Пасхі Хрыстовай і Зыходу Святога Духа гэта найдаўнейшае свята літургічнага календара Усходняй Царквы.

Гасподняе Богаз’яўленне на хрысціянскім Усходзе пачалі святкаваць у канцы ІІ ці на пачатку ІІІ стагоддзя. У першыя стагоддзі хрысціянства яно лічылася зборным, бо ахоплівала шэраг падзеяў з жыцця Ісуса Хрыста, якія сведчылі пра Ягоную боскасць: Раство, пакланенне мудрацоў, Хрост у Ярдане, цуд у Кане Галілейскай і цудоўнае памнажэнне хлеба. І толькі ў канцы IV ст., пасля пераносу свята Раства Хрыстовага на 25 снежня, 6 студзеня становіцца для ўсходніх хрысьціянаў выключна днём свята Хросту Гасподняга.

З хрысціянскага Усходу не пазней за IV ст. свята Богаз’яўлення пераходзіць на Захад. Святыя Айцы і прапаведнікі Заходняй Царквы на Богаз’яўленне ўсё большы націск робяць на пакланенні мудрацоў. З часам на Захадзе 6 студзеня становіцца сьвятам Трох Каралёў, а памяць Хрыстовага Хросту пераходзіць на 13 студзеня.

Ва Усходняй Царкве свята Богазьяўленьня належыць да двунадзесятых. Яно мае чатыры дні перадсвяцьця і восем дзён паслясвяцця, а непасрэдна перад святам, 5 студзеня, вернікі абавязаны трымаць строгі пост.

Са святам Богаз’яўлення цесна павязана Вялікае, альбо ярданскае асвячэньне вады. Вялікае асвячэнне адбываецца толькі двойчы на год — у навячэрніцу і ў дзень свята Богаз’яўлення.
Гэтая традыцыя Усходняй Царквы сягае першых стагоддзяў хрысціянства. З таго часу Царква лічыць асвячаную ў Вадохрышча ваду за вялікую святасьць і сцвярджае ейную цудадзейную сілу для душы і цела.

ІГ

***

Святочная Літургія на Богаз’яўленне (Вадохрышча) пачнецца ў душпастырскім цэнтры Святога Язэпа (вул. Арджанікідзе, 6, ст. м. «Аўтазаводзкая») а 19 гадзіне.

Пасьля Літургіі адбудзецца Вялікае асьвячэньне вады.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0