Упершыню ў міжведамасную працоўную групу трапілі два апазіцыйныя інтэлектуалы.

31 снежня прэм’ер‑міністар Сяргей Сідорскі падпісаў распараджэнне аб стварэнні міжведамаснай рабочай групы для выпрацоўкі плана дзеяння па развіццю краінавага маркетынгу. Кіраўніком групы прызначаны намеснік міністра замежных спраў Яўген Еўдачэнка.

У распараджэнні Сідорскага гаворыцца, каб да «1 лютага забяспечыць распрацоўку праекта плану дзеяння па развіцці краінавага маркетынгу, які прадугледжвае прапановы аб накірунках узаемадзеяння з замежнымі інвестарамі, а таксама канкрэтныя меры па інфармаванні замежных інвестараў аб інвестыцыйных магчымасцях у Беларусі».

У працоўную групу ўвайшлі 14 чалавек, у тым ліку два прадстаўнікі незалежнага сектару — кіраўнік навукова-даследчага цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук і дырэктар лабараторыі аксіяметрычных даследаванняў «Новак», старшыня Рады Беларускага інстытуту стратэгічных даследаванняў Андрэй Вардамацкі.

«Ніякіх пасяджэнняў яшчэ не было, — кажа Я.Раманчук. — Пра ўступленне ў гэтую групу са мной не гаварылі чыноўнікі, была размова толькі з людзьмі з сферы маркетынгу. Я даў сваю згоду, але да апошняга не верыў, што ўрад можа гэта зацвердзіць. Відавочна, што ўнутры ўлады назіраецца вялізны крызіс ідэяў. Залежыць гэта і ад фінансавага крызісу. Магчыма, што такім крокам улады спадзяюцца спіхнуць частку віны на тое, што адбываецца ў краіне, і на прадстаўнікоў незалежнага грамадства. Разам з тым, гэта выдатная пляцоўка для данясення сваіх ідэй. Калі лорд Бэл кажа толькі пра касметычны рамонт, то мы гаворым пра капітальны. Што недастаткова проста прывабнай абгорткі, каб сюды прыйшлі інвестыцыі. Асабіста я буду настойваць на поўнай празрыстасці працы камісіі».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?