22.03.2019 / 12:44

«Гэта была псіхалагічная разрадка». Паэта Славаміра Адамовіча судзяць за бытавы крадзеж, ён прызнаў віну 31

У Пухавіцкім раённым судзе пачаўся працэс над паэтам Славамірам Адамовічам, піша Радыё Свабода.

Славаміра Адамовіча абвінавачваюць паводле 2-й часткі 205-га артыкула Крымінальнага кодэксу («Крадзеж маёмасці з пранікненнем у жытло»). Яму пагражае да 4 гадоў зняволення. Да заканчэння суда Адамовіч будзе знаходзіцца пад хатнім арыштам.

Сваю віну Адамовіч прызнаў цалкам і папрасіў у пацярпелага прабачэння за тое, што зрабіў. Пацярпелым ад дзеянняў Адамовіча прызнаны Сяргей Ляшчынскі, у якога ёсць дом у вёсцы Цагельня Пухавіцкага раёну. У той жа вёсцы жыве і Славамір Адамовіч.

Паводле паказанняў самога Адамовіча, ён прыкмеціў у вёсцы гэты дом, які палічыў закінутым, і ў адну з начэй у лістападзе 2018 году пранік у яго, узламаўшы замок ломам. Усяго з дома Ляшчынскага і ягонага хлява да 16 снежня 2018 году ён скраў больш за 20 рэчаў: адзенне, мэблю, посуд, інструменты, прылады. Следства ацаніла іх кошт у 300 рублёў.

Спіс скрадзенага, паводле матэрыялаў сьледства:

  • рыбалоўная сетка;
  • плашч-палатка;
  • рыдлёўка;
  • 2 драўляныя крэслы;
  • гумавыя боты;
  • трумо;
  • армейскі кіцель;
  • куртка;
  • 2 падушкі;
  • фатэль;
  • рогі лася;
  • куфар;
  • палявая торба;
  • 5 талерак;
  • 5 кубкаў;
  • 8 чарак у выглядзе рыбак;
  • рулон шпалераў;
  • кружэлкі;
  • 41 елачная цацка;
  • 2 карціны;
  • дамкрат;
  • 2 гукавыя калонкі;
  • штора;
  • кажушок;
  • дывановая дарожка.

На судзе Адамовіч прызнаў, што скраў гэтыя рэчы, адмовіўся толькі ад таго, што нібыта скраў яшчэ і электрарухавік.

Назваў учынак «формай псіхалагічнай разрадкі»

Славамір Адамовіч паспрабаваў у судзе патлумачыць матывы сваіх учынкаў. Ён успомніў, што знаходзіўся ў вёсцы Цагельня ў сваім доме, працаваў над літаратурным творам і прытым прыгадваў, як яго затрымалі 25 сакавіка 2018 году ў Мар’інай Горцы. Тыя ўспаміны, паводле Адамовіча, не давалі яму супакоіцца. Тады яго пратрымалі 9 гадзін у міліцыі і ўжо тады нібыта заяўлялі яму пра датычнасць да крадзяжоў з аднаго дома і падпалу другога.

Гэта не давала яму спакою з таго самага часу.

«Мне трэба было выйсьці з псіхалагічнага ступару, бо я як пісьменнік не мог пісаць. Тая думка вісела, прыгнятала мяне», — сказаў Адамовіч і на ўдакладненне суддзі прызнаў, што крадзеж тых рэчаў быў «формай псіхалагічнай разрадкі».

Суддзя Васілевіч спытаў у Адамовіча, якую мэту ён ставіў перад сабой, пранікаючы на лецішча Ляшчынскага і забіраючы адтуль рэчы? Падсудны зноў сказаў пра «псіхалагічны дыскамфорт», які не даваў яму спакою. 

У суд Славамір Адамовіч прыйшоў апрануты ў чорны касцюм з бардовым гальштукам-матыльком. Паэт сказаў, што яму сорамна перад пацярпелым, і папрасіў прабачэння. Дадаў, што калі пранікаў у дом Ляшчынскага, дык спадзяваўся, што «вось-вось прыйдзе гаспадар, і гэта мяне спыніць, але той не прыходзіў».

Спаліў рэпрадукцыі карцін і зламаў прайгравальнік

У судзе выступіў і пацярпелы Сяргей Ляшчынскі, які працуе ў Менску ў Дзяржкамітэце экспэртыз. У вёсцы Цагельня жылі ягоныя продкі.

«Я зайшоў у дом і быў у шоку, — сказаў Ляшчынскі.— Не толькі таму, што шмат рэчаў знікла, а што ў доме быў суцэльны пагром. Уявіце: велізарны куфар неяк выдралі са сьцяны, трумо, вялікія крэслы — як гэта магчыма было выцягнуць?! Сляды ад валачэння куфра цягнуліся ад дома да яра. Жах!»

Пацярпелы адмовіўся ад маральных прэтэнзій да Славаміра Адамовіча, бо большасць скрадзеных рэчаў той вярнуў. Пры гэтым Сяргей Ляшчынскі нагадаў, што ў яго ўсё ж згубіліся дзве рэпрадукцыі карцін (паводле матэрыялаў справы, Адамовіч спаліў іх у печы) і музычны прайгравальнік «Вега», які быў спраўны, а цяпер не працуе. «Хай будзе на ягоным сумленні».

Славамір Адамовіч адмовіўся ад адваката, ён бароніць сябе сам.

У матэрыялах справы ёсць пашпарт грамадзяніна Нарвэгіі на імя Адамовіча. Славамір пацвердзіў, што дагэтуль зьяўляецца грамадзянінам і Нарвегіі, і Беларусі.

Паводле экспэртызы, псіхічнай хваробы ў яго не было.

Раней Славамір Адамовіч у інтэрвію Свабодзе заяўляў, што ягоная справа сфабрыкаваная і мае «палітычны падтэкст».

7
циник / Адказаць
22.03.2019 / 12:47
рогi лася?))) но зачем ему понадобились рога лося?))))
7
Алякасандр / Адказаць
22.03.2019 / 12:49
Написано в Библии : " Не укради!" Если все буду психологическими разрядками так заниматься  бардак будит
10
Лысы чорт / Адказаць
22.03.2019 / 13:03
В какого же ты маргинала превратился, Славамир. Причём это стало давно заметно.
Паказаць усе каментары/ 31 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру