22.03.2019 / 15:41

ІНП: Заява аб невінаватасці «Бурага» не мае юрыдычнай сілы

Інстытут нацыянальнай памяці Польшчы змясціў на сваім сайце заяву, у якой сцвярджае, што апублікаванае раней у сакавіку паведамленне ў справе следства 2005 года аб злачынствах Рамуальда Райса («Бурага») у адносінах да беларусаў Падляшша не мае юрыдычнай сілы, піша Радыё Свабода.

11 сакавіка на сайце Інстытута нацыянальнай памяці (ІНП) Польшчы з'явілася паведамленне, якое апраўдвала Рамуальда Райса, сцвярджаючы, што ранейшыя высновы Інстытута аб яго ўдзеле ў генацыдзе этнічна беларускага насельніцтва на Падляшшы былі «хібнымі». Паводле паведамлення, у святле цяперашняга польскага заканадаўства за Рамуальдам Райсам няма ніякай віны.

Цяперашняя заява дае зразумець, што ранейшае паведамленьне пра ацэнку дзейнасці «Бурага» паходзіла ад гісторыкаў, праца якіх не ўплывае на юрыдычную ацэнку справаў, што расследуюцца пракурорамі Інстытута. У прыватнасьці, апраўдальныя ацэнкі гісторыкаў не ўплываюць на юрыдычную кваліфікацыю дзейнасці Рамуальда Райса, у якой следства з 2005 года знайшло «прыкметы генацыда» ў адносінах да беларусаў Падляшша.

У выніку крывавага рэйду аддзела Ромуальда Райса ў студзені-лютым 1946 года згарэлі, часткова або цалкам, вёскі Залешаны, Волька, Шпакі, Зані, Канцавізна. Загінулі тады ад куль або ў полымі 79 чалавек, у тым ліку жанчыны і дзеці ды 30 беларускіх фурманаў, якіх «Буры» перахапіў на шляху свайго крывавага рэйду.

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру