На балгарскім сеціўным лэйбле Mahorka апублікаваны новы альбом менскага авант-джазавага ансамблю «Фантастычныя плыўцы».
Дзеля запісу «Фартэпіяннага канцэрту #1» фармацыя набыла выгляд суполкі з 6 незалежных піяністаў. Віктар Сямашка, Мішэль Дайліда, Максім Субач, Дар`я Багаслова, Ільля Сіўцоў і Максім Іўкін па чарзе сыгралі спантанныя мініятуры, зрабіўшы такім чынам два колы. Адзіным абмежаваньнем было пажаданьне працягнуць думку папярэдніка, каб кампазыцыі сэнсава злучаліся між сабой.
«Ашаламляльны матэрыял, які камбінуе ўмелыя, натхнёныя й па-сапраўднаму кранальныя імправізацыі зь вельмі цікавымі й прыгожымі мэлёдыямі, гармоніямі й рытмічнымі структурамі», ‒ дзеліцца сваімі ўражаньнямі кіраўнік лэйблу Mahorka Іва Петраў. ‒ «Запіс па-добраму рэзкі, здольны выцягнуць сьвядомасьць і зрабіць слухача ачмурэлым. І ў той жа час музыка пазытыўна наладжвае ды прымушае ўсьміхацца. Люблю гэту працу. Яна добра на мяне ўплывае».
Запіс «Фартэпіяннага канцэрту #1» адбыўся напрыканцы 2018 г. ў музэі-майстэрні Заіра Азгура. Выхаду альбома папярэднічаў EP «Over Beet», сыграны тым жа складам. Цягам свайго існаваньня з 2005 г. «Фантастычныя плыўцы» выдалі шэраг студыйных і канцэртных альбомаў, у тым ліку сэрыю Concerto Grosso, пры ўдзеле беларускіх, польскіх і брытанскіх музыкаў.