Кожны год пачынаецца з таго, што Расія камусьці перакрывае газ. Нашто Крамлю тое? І як бароніцца Кіеў? Піша Барыс Тумар.

За 2008 год Украіне ўдалося назапасіць рэкордныя рэзервы газу ў падземных газасховішчах. Яна давяла іх да 30 млрд куб. м, з якіх 17 млрд належалі дзяржаўнаму «Нафтагазу». Для параўнання: гадавое спажыванне газу складала ў 2008 каля 56 млрд т, прычым з іх сама Ўкраіна здабывае 20 млрд. Да таго ж, частку газу можна замяніць мазутай. «Штодзённае спажыванне з запасаў у першыя 6 марозных дзён расійскай блакады складала каля 200 млн куб. м», — заявіў віцэ‑прэм’ер ураду Алег Дубіна.

Між тым «Газпром» мае мінімальныя запасы газу ў Баўгарыі, Харватыі, Македоніі і параўнальна невялікія запасы ў Славаччыне, Польшчы, Румыніі, Грэцыі, Італіі, Босніі іі Герцагавіне, Аўстрыі, Нямеччыне, Францыі, Вугоршчыне, Турцыі, Малдове, Чэхіі — краінах, што пацярпелі ад расійска‑ўкраінскай газавай спрэчкі.

Пікантна, што першым паварот рубільніка на расійска‑ўкраінскай мяжы адчула Прыднястроўе – кліенцкая тэрыторыя Масквы між Украінай і Малдовай. Тыраспаль стаў першым горадам Еўропы, дзе перакрыццё газу адбілася адключэннем цёплай вады і зніжэннем тэмпературы ў дамах.

Перавага ў запасах газу дазваляе Кіеву адчуваць сябе адносна пэўна. Ва Ўкраіне спадзяюцца, што «Газпром» здасца першы і халаднакроўна вядуць гандаль.

Расія патрабавала з Украіны 250 даляраў за тысячу кубаметраў пры захаванні стаўкі за транзіт на ўзроўні 2008 году. Украіна пагаджалася на 235 даляраў і патрабавала росту аплаты за транзіт (1,7 даляра на сёння).

Расійскую грамадскую думку да канфлікту рыхтавалі загадзя. Спрэчцы папярэднічала беспрэцэдэнтная антыўкраінская кампанія ў расійскіх СМІ. Украіну, сярод іншага, звінавачвалі – без ніякіх на тое доказаў – ва ўдзеле ў баях у Асеціі на баку Грузіі. Расійскія СМІ замаўчалі той факт, што пастаўкі газу былі спыненыя паводле рэкамендацыі расійскіх мытных службаў, бо адсутнічала юрыдычная падстава для транзіту газу.

Расійскае ТВ заяўляе, што Ўкраіна сама перакрыла 3 з чатырох кранаў на мяжы і ўхіляецца ад перамоваў.

Паводле некаторых ацэнак, у адпаведнасці з расійска‑ўкраінскім трохгадовым кантрактам цана сёлета павінна была б узрасці да 238 даляраў. Са стаўкамі на транзіт цяжэй – яны розныя ў розных краінах і вар’ююцца ад 1 да 6 даляраў. Паводле кантракту яны павінны былі захавацца на ўзроўні 1,7 да канца 2010 году. Аднак Україна мяркуе, што перагляд цэнавой формулы па газе вымагае перагляду і транзітнае стаўкі.

Газавыя канфлікты скаланалі Еўропу ўвесь час пасля Аранжавай рэвалюцыі ў Кіеве. Гэта як фільм, што паўтараецца на Новы год з году ў год. Газ па чарзе адключалі Ўкраіне і Беларусі, кожны раз без вялікага эфекту, але з шкодай для рэпутацыі бакоў. На гэты раз ізноў Еўропа досыць скептычна адрэагавала на піяр‑кампанію Масквы. Расія, дарэчы, у адрозненне ад Украіны, не падпісала Еўрапейскую энергетычную хартыю.

Можна меркаваць, што

мэтай Пуціна ёсць не толькі шантаж Украіны, колькі спроба стварыць штучны дэфіцыт энерганосьбітаў у Еўропе, каб узняць цэны на нафту,
і пралабіраваць дарагія праекты пабудовы газаправодаў у абыход Украіны і Беларусі па дне Балтыйскага й Чорнага мораў.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?