Сёння адзначаецца Дзень Волі. 101 год таму, раніцай 25 сакавіка (гэта быў таксама панядзелак) у 1918 годзе, ва ўмовах нямецкай акупацыі ў Менску была сімвалічна абвешчана незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі.

Калі б не было БНР, не было б і БССР. І магло не быць незалежнай Беларусі.

У Беларусі на афіцыйным узроўні Дзень Волі не адзначаецца. Затое незалежная грамадскасць традыцыйна ладзіць свае святкаванні.

Сёлета супала так, што асноўныя мерапрыемствы прайшлі 23 і 24 сакавіка, але некалькі будзе і сёння.

З кветкамі да дому БНР у Мінску 25 сакавіка

Увечары 25 сакавіка шэраг апазіцыйных палітыкаў, сярод якіх Мікалай Казлоў, Віталь Рымашэўскі, Ігар Барысаў, збіраюцца прайсці ад Кастрычніцкай плошчы да дома на вуліцы Валадарскага (былая Серпухаўская), 9, дзе 25 сакавіка 1918 году была абвешчана незалежнасць БНР.

Адукацыйная вечарына ў гонар 101-х угодкаў стварэння БНР 25.03 

25 сакавіка ў Мінску — адукацыйная вечарына для дзетак у гонар 101-х угодкаў стварэння БНР ад адукацыйнага цэнтра «Крочым разам!». Падрабязнасці тут.

Акцыя «Вялікі супольны салют» 25.03

25 сакавіка, 21.00, любы пункт Зямлі. Прапаноўваецца самастойна набываць і запускаць святочныя феерверкі адначасова 25 сакавіка а 21-й гадзіне па беларускім часе, а затым дзяліцца фотаздымкамі і ўражаннямі ў сацыяльных сетках з хэштэгам #БНР101. Падрабязней тут.

Акцыя «Наш сцяг» 25.03

25 сакавіка, увесь дзень, любы пункт Зямлі. Прапаноўваецца вывешваць бел-чырвона-белыя сцягі на гаўбцах, у вокнах, сваіх аўто, офісах, дварах прыватных дамоў і любых іншых месцах, а таксама распавядаць гісторыі ўласных бел-чырвона-белых сцягоў у сваіх сацыяльных сетках з хэштэгам #НашСцяг. Падрабязней тут.

Мастацкая выстава ў Бабрах (Крупскі раён) 25.03

Два дзясяткі гадоў у родным мястэчку Бобр Крупскага раёну ладзіць акцыі на Дзень Волі мастак Алесь Пушкін. Гэтым разам 25 сакавіка на цэнтральным пляцы ён арганізуе выставу апошніх працаў — будуць прэзэнтаваныя партрэты Станіслава Булак-Балаховіча і Вацлава Ластоўскага.

Алесь Пушкін з сваёй карцінай на плошчы ў Бабры, Дзень Волі — 2014

Алесь Пушкін з сваёй карцінай на плошчы ў Бабры, Дзень Волі — 2014

«Мая канцэпцыя такая: кожны актывіст — краязнаўца, літаратар, пасіянар — мусіць нешта зладзіць у цэнтры сваіх Крупак, Койданава ці Марʼінай Горкі. Выходзьце, ставайце, абірайце якую-хаця форму — канцэрт, чытаньне вершаў, кармленьне галубоў. Гэта і будзе ўнёсак у адзначэньне 101-й гадавіны нашай дзяржаўнасьці. Некалькі гадзін прысьвяціць, каб мінакі бачылі, што ёсьць такое сьвята. Мае аднавяскоўцы ўжо прызвычаіліся да штогадовых выставаў пад адкрытым небам».

Супольны забег беларусаў па ўсім свеце

4 сакавіка стартавала рэгістрацыя на «Вольны забег — 2019», які абʼядноўвае беларусаў свету з нагоды святкавання БНР-101. Арганізатары спадзяюцца, што сёлета агульнымі намаганнямі ўдасца скарыць 1000 кіламетраў.

Першы «Вольны забег» адбыўся летась: ён абʼяднаў 104 удзельнікаў з 16 краін, разам яны прабеглі 669 кіламетраў.

Каб узяць удзел у «Вольным забегу», трэба зарэгістравацца на сайце runbnr.org, прабегчы «вольную дыстанцыю» ды падзяліцца ў сацыяльных сетках фатаздымкам — зь бел-чырвона-белым сьцягам або гербам «Пагоня» і пазнакаю #belarus101run.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0