У Клімавічах 50-гадовы мужчына здзейсніў не самае ўдалае злачынства ў сваім жыцці, піша mogilev.online.
Ноччу 21 сакавіка ў Клімавіцкі аддзел Дэпартамента аховы паступіла паведамленне, што ў краме раённага спажывецкага таварыства спрацавала ахоўная сігналізацыя.
На месца прыбыў нарад з сабакам. Адна з шыбаў была разбіта, а ў гандлёвай зале знайшоўся моцна п'яны мужчына.
Відаць, мэтай рабаўніка было скрасці з крамы спіртное. Убачыўшы, што міліцыя ўжо на месцы, мужчына не стаў мяняць сваіх планаў і аператыўна пачаў выпіваць і закусваць, паведамляюць у дэпартаменце аховы.
На жаль, спехам выпіты алкаголь негатыўна адбіўся на здароўе чалавека, і ён на машыне «хуткай дапамогі» быў дастаўлены ў рэанімацыю з дыягназам «вострае алкагольнае атручванне».