Міхаіл Русы
Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка даручыў Адміністрацыі прэзідэнта ўнесці прапановы па кандыдатурах на пасаду свайго памочніка па Магілёўскай вобласці і віцэ-прэм'ера [зараз займаюць Генадзь Лаўранкоў і Міхаіл Русы — НН]. Гэтага кіраўнік запатрабаваў падчас наведвання сельгаспрадпрыемства «Газавік-Сіпакова» ў аграгарадку Дабрэйка Шклоўскага раёна, піша БелТА.
Лукашэнка застаўся незадаволены развіццём сельскай гаспадаркі ў Магілёўскай вобласці, якая па паказчыках знаходзіцца на апошніх месцах.
«Цэлы віцэ-прэм'ер, якi загадвае сельскай гаспадаркай, курыруе Магілёўскую вобласць, упаўнаважаны прэзідэнта. Памочнік прэзідэнта зубы праеў на сельскай гаспадарцы і Магілёўскай вобласці. Губернатар самы прасунуты. І вы займаеце апошняе месца. Якую я з гэтага павінен рабіць выснову?» — запытаў кіраўнік дзяржавы.
«Тыдзень часу ўнесці прапановы, бо пойдзеце самі сюды працаваць, — папярэдзіў ён кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Наталлю Качанаву. — Я вас сюды пасылаў па кадрах — вы разбіраліся ўсю зіму, я вас папярэджваў пра сітуацыю тут. Але сітуацыя не мяняецца. Мне гэтыя абяцанні не патрэбныя».
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што раней адказным службовым асобам даручалася выправіць становішча спраў у сельскай гаспадарцы Магілёўскай вобласці. Аднак бачных вынікаў няма.
«Ім было сказана, у тым ліку і Даманеўскаму (кіраўнік Магілёўскай вобласці Уладзімір Даманеўскі): не будзе выпраўленая сітуацыя на працягу года — будзем прымаць меры.
Таму тыдзень тэрміну, і будзем разбірацца з віцэ-прэм'ерам і памочнікам, раз не змаглі працаваць як трэба», — сказаў ён.
«Гэта недапушчальна, што вы ўвесь час целяпаецеся. Ёсць жа ўзоры добрай працы (вось гэта гаспадарка), чаму няма тады выніку? У вас правал па ўсіх напрамках, пры тым не на паўпрацэнта-працэнт», — канстатаваў кіраўнік дзяржавы.