Беспрытульныя валацугі акупавалі залю чаканьня ў новым будынку чыгуначнага павільёну прыпыначнага пункту «Белаазёрск».

Фота vb.by
У адзін з апошніх дзён каляднага беспрацоўя непадалёку ад будынку прыпыначнага пункту Беларускай чыгункі ў гарадку Белаазёрск быў знойдзены зьбіты і часткова абмарожаны 42‑гадовы Мікалай П. Цяпер мэдыкі ратуюць ягонае жыцьцё.

Мясцовыя міліцыянты ўдакладняюць прычыны здарэньня. Высьвятляецца, што на пасажыра з цягніка напалі бамжы, якія акупуюць залю чаканьня ў новым будынку чыгуначнага павільёну прыпыначнага пункту «Белаазёрск». Такую афіцыйную назву мае аб’ект, які ўзьведзены да 50‑годзьдзя заснаваньня тамтэйшага паселішча.

Гарадок на Берасьцейшчыне зьяўляецца адным з наймаладзейшых у Беларусі. У 1958‑м яго пачалі забудоўваць ля вёскі Ніўкі для разьмяшчэньня так званых цаліньнікаў, якія зьяжджаліся зь іншых куткоў СССР на ўзьвядзеньні Бярозаўскай ДРЭС. Менавіта тады прагучаў заклік да моладзі стварыць на беларускім Палесьсі цеплавую электрастанцыю, якая б выпрацоўвала электрычнасьць праз спальваньне торфу. Запасы балотнай сыравіны ўяўляліся бязьмежнымі. Чыноўнікі эканомікі сацыялізму імкнуліся даказаць капіталістам Эўропы, што ля мяжы зь іхнымі дзяржавамі будзе расквітаць жыцьцё за кошт прыроднай нерушы.

Даўно ўжо Бярозаўская ДРЭС, назва якой расшыфроўваецца як «дзяржаўная раённая электрастанцыя», стала ганьбай экалягічнага невуцтва. Торф у навакольлі быў хутка вычарпаны, не дапамог пасьля і мазут, а цяпер з‑за пастаяннага падаражаньня расейскага газу даводзіцца адмаўляцца ад выкарыстаньня двух альбо чатырох з шасьці наяўных энэргаблёкаў.

У гарадку экспэрымэнтальнай энэргетыкі няма посьпехаў і ў сацыяльнай сфэры. Да восені мінулага году ліпела тут колькі разоў пераробленая драўляная будка касы па продажу білетаў на адзіны цягнік, што наведваецца зь берасьцейскага накірунку вечарам, а пасьля ночы вяртаецца ў зваротны шлях. У дождж і сьнег пасажыры гэтага ціхаходу ня мелі ўкрыцьця. Тэрыторыя ля касы заставалася вытаптаная і засьмечаная.

Начальства Беларускай чыгункі згадала пра неўладкаванасьць прыпыначнага пункту ў Белаазёрску, калі пайшлі чуткі, што сюды на юбілейныя ўрачыстасьці наведаецца прэзыдэнт Лукашэнка.

Каб дагадзіць найвышэйшаму, пасьпешліва збудавалі вакзал.
Аднапавярховы будынак мае залю чаканьня, ад якой ў два супрацьлеглыя бакі разьмеркаваныя службовыя памяшканьні. Частка іх цяпер аддадзеная ў арэнду мясцовай аўтастанцыі.

Са словаў начальніцы чыгуначнай станцыі Людмілы Анісімавай, будынак вакзала каштаваў амаль два мільярды рублёў. Працуюць у ім цяпер 12 чалавек. У адпаведнасьці з рэестрам, станцыя адносіцца да чацьвёртага клясу ацэнкі зь пяці магчымых. Гэта значыць, што абслугоўваньне адбываецца па мінімуму. Няма нават дзяжурнага паста міліцыі. Раней пасажырскі цягнік суправаджалі два міліцыянты. Цяпер гэтае правіла адмянілі, бо цягнік застаецца на ноч у Белаазёрску.

Паколькі вакзал забясьпечаны сьвятлом і цяплом, знаходзіцца ў цэнтры гарадка і не мае аховы, то тут цяпер прыстанак п’яніцаў і вандалаў. Яны нявечаць маёмасьць. Тут спрэс кучы сьмецьця. Поблізу адбываюцца скандальныя разборкі. Дарагі будынак, на абслугоўваньні якога цяпер эканоміць улада, апынуўся прыстанкам злачыннасьці. Ужо сёлета адбылося тры злачынствы, без уліку таго, зь якога пачыналася гэтае паведамленьне.

Галіна Баравая, Прыбужжа

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0