Лідарам апазіцыйных палітычных партый не дазволілі прайсці са сцягамі і кветкамі ад Кастрычніцкай плошчы да будынка, дзе была абвешчаная незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі.
Фота: Tut.by.
На Кастрычніцкую плошчу каля 18:00 завітаў былы старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, пазней да яго падышлі цяперашні старшыня АГП Мікалай Казлоў і сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі. Рымашэўскага і Казлова затрымалі.
На выхадзе з метро людзьмі ў цывільным затрыманы малады чалавек у чырвона-бела-чырвоным шаліку, яшчэ дваіх затрымалі на плошчы і пагрузілі ў сіні мікрааўтобус.
Усяго на падыходзе да Кастрычніцкай і на самой плошчы затрыманыя ад 8 да 10 чалавек.
Зараз людзей на Кастрычніцкай плошчы няма.
Паведамляецца, што ўсіх затрыманых вязуць у Цэнтральнае РУУС.