Эдынбург, фота з Вікіпедыі
Самалёт брытанскай авіякампаніі British Airways, які ў панядзелак павінен быў ляцець з Лондана ў нямецкі Дзюсельдорф, памылкова прызямліўся ў шатландскім Эдынбургу, піша Бі-бі-сі.
Пасажыры даведаліся пра гэта толькі пасля пасадкі, калі па ўнутранай радыёсувязі абвясцілі: «Сардэчна запрашаем у Эдынбург!»
Памылка адбылася з-за таго, што пілотам уручылі няправільны палётны план.
Рэйс выконвала нямецкая авіякампанія WDL Aviation, якая кіравала самалётам па лізінгавай дамове з British Airways.
Памылка была выпраўленая і пасажыраў адправілі ў Дзюсельдорф.
Як распавяла 24-гадовая Сафі Кук, калі пілот абвясціў, што самалёт пачынае пасадку ў Эдынбургу, усе падумалі, што гэта жарт. Яна нават вырашыла спытаць бортправаднікоў, ці не жартуюць яны.
Затым пілот папрасіў пасажыраў падняць рукі, калі яны хочуць ляцець у Дзюсельдорф. Усе паднялі рукі, распавядае Сафі.
«Пілот сказаў, што не разумее, як гэта адбылося. Ён сказаў, што такога ніколі раней не здаралася і што экіпаж спрабуе прыдумаць, што ж цяпер рабіць», — кажа яна.