Прэзідэнт Мексікі Андрэс Мануэль Лопес Абрадор накіраваў каралю Іспаніі Феліпэ VI і Папу Францішку ліст з заклікам выбачыцца за злачынствы, учыненыя іспанцамі пры заваёве Мексікі і падчас каланіяльнага перыяду. Пра гэта Лопес Абрадор распавёў у відэа, знятым на фоне руін Камалькалька — старажытнага горада цывілізацыі майя.
«Адбываліся масавыя забойствы і прыгнёт. Так званая заваёва вялася з мячом і крыжам. Яны пабудавалі свае цэрквы на вяршыні [мясцовых] храмаў», — цытуе Лопеса Абрадора The Guardian. Прэзідэнт Мексікі папрасіў адрасаваць прабачэнні карэннаму насельніцтву краіны — «за парушэнні таго, што цяпер вядома як правы чалавека».
Як паведамляе El Pais, іспанскі ўрад выказаў «глыбокае шкадаванне» з нагоды ліста Лопеса Абрадора і заявіў, што прыбыццё іспанцаў на тэрыторыю Мексікі 500 гадоў таму нельга ацэньваць па сучасных нормах. Як адрэагаваў на заклік прэзідэнта Мексікі Папа Рымскі, пакуль невядома.