26.03.2019 / 16:26

Виктор Мартинович: Как стать писателем 10

Фота Волі Афіцэравай

Быў здзіўлены рэакцыяй, якую спарадзіла ў меру песімістычнае (і наўмысна сфармуляванае менавіта так) выказванне пра перспектывы, што чакаюць людзей, упэўненых у тым, што пісьменнікам можна зрабіцца толькі скончыўшы філфак. Палеміка арганізавалася вострая, тым яе ўдзельнікам, што паспяшаліся ўпікнуць мяне ў пагардзе да Расонаў ці Гомеля, я, па-першае, нагадаю, што сам ёсць чалавекам, сфармаваным вёскай Барбарова на Глушчыне, і вопыт выпасу кароў ад мяне ніхто не адніме. А па-другое, пачытайце раман «Возера радасці» — там і пра Расоны, і пра Малмыгі, і пра тыя ўрокі набліжэння да рэальнасці, якія дорыць нам Яе Вялікасць правінцыя.

Тут хацеў бы працягнуць роўна ад той кропкі, дзе скончылася прыгаданая палеміка: калі пісьменнікам нельга стаць скончыўшы філфак, дык як тады ім зрабіцца? Дакладныя адказы ў гэтым свеце ведаюць толькі намеснікі дэканаў па ідэалогіі, то сфармулюю тое, да чаго датумкаў сам.

Забудзьцеся на дыплом: вы можаце мець чатыры класы адукацыі, гаварыць на мове, якую без слоўніка жарганізмаў ніхто не зразумее, і быць пры гэтым Данілам Цярэнцьевічам Зайцавым, лаўрэатам прэміі «Нос», аўтарам кнігі, якой зачытваецца расійскі літаратурны бамонд. Для пачатку трэба падрыхтавацца «стаць на пуць выпраўлення». У вас ужо ёсць некалькі напісаных апавяданняў, але ім чагось не хапае (калі б ім хапала ўсяго, вы б не адкрылі гэты тэкст). Усё проста: гэтыя апавяданні ніякаватыя таму, што іх напісалі вы. Чалавек з прыватнай гісторыяй, з фоткамі ў ФБ і інсце, чалавек, якога вы ведаеце настолькі добра, што вам з ім часам бывае нудна.

Каб стварыць тэкст, варты таго, каб старонкі гарталі незнаёмыя людзі, трэба перастаць быць «вамі». Шлях да аўтарства пачынаецца з сустрэчы з медыумам.

Знайдзіце вакол сябе настаўніка. Не педагога, а менавіта настаўніка. Гэта мусіць быць чалавек, які добра спазнаў жыццё і глядзіць на яго пад іншым вуглом, чым вы. Гэта можа быць біток і піяка з мясцовага бара, ці кандыдат філасофіі адтуль жа, ці шаман з багны ля возера Шо. Майце на ўвазе, што паспяховыя пісьменнікі зрэдку робяцца добрымі настаўнікамі: празаіку трэба вельмі моцна стаміцца ад навакольнай тупізны, каб у яго ўзнікла жаданне дзяліцца сакрэтамі, гадуючы вучняў.

Настаўніку трэба задаць правільныя пытанні. І барані вас Пярун ад пытання «я напісаў раман, як яго выдаць?». Медыум патрэбны менавіта для таго, каб вы здолелі напісаць тэкст, выданне якога будзе цікавіць выдаўцоў, а не вас. Падумайце, што для вас ёсць найбольшай таямніцай у свеце, і сфармулюйце так, каб на гэтае пытанне можна было адказаць.

Сустрэўшы медыума (калі трэба — пабадзяўшыся з настаўнікам тыдзень па мангольскім стэпе ці інданезійскіх джунглях), дайце сабе час на высновы. Высновы мусяць змяніць вашае адчуванне самасці. Чалавек, што рыхтуецца ствараць новыя светы, не можа мець асабістай гісторыі. Мапы ў XV стагоддзі ўтрымлівалі вельмі старанна прамаляваны свет, адно што Амерыкі на іх не было, бо яе яшчэ не адкрылі. Вам трэба ўразумець, што вы не ведаеце пра чалавека і словы, якім вы апісваеце ягоны свет, анічога. Тады вы хаця б не будзеце блытаць Індыю з востравам Сан Сальвадор.

І зараз вас чакае самае складанае. Знайсці сваю мову, каб стварыць свой свет, у які захочацца заглядаць чытачам.

Тут шмат можна было б сказаць пра тое, што такое «свая мова» і як у творцы можа існаваць «свая мова», бо мова — яна на тое і мова, каб цябе разумелі ўсе. Але гэта не лекцыя. Гэта канспект. То шукайце свае словы; прымярайце саматканую вопратку, па якой вас можна пазнаць здалёк.

Пасля гэтага вам застанецца сказаць сваёй аўтарскай мовай нешта, што хаця б крыху зменіць свет. Бо чалавек адрозніваецца ад жывёлы — не, не наяўнасцю мовы (свая мова ёсць і ў птушак), не ўласнай змешчанасцю ў грамадства ці дзяржаву (якія дасканалыя дзяржавы выбудаваныя ў пчол і мурашоў!), а менавіта здольнасцю ствараць новае. Як бы птушка ні віла гняздо, як бы тэрміты ні будавалі тэрмітнік, яны не здольныя зрабіць гэта так, як не рабілі іх «продкі». Чалавек можа напісаць «Фауста» — і застацца ў гісторыі свайго віду менавіта тым, што быў першым, хто стварыў «Фауста».

Усе, хто будуць пераймаць Гётэ, застануцца мурашамі, што паўтараюць ужо зробленае (калі, канечне, іх імя не П’ер Менар). Але знойдуцца адзінкі, якія нагрувасцяць на стосы ўжо напісанага чалавецтвам нешта сваё.

Ступаючы на гэты шлях, памятайце словы Махатмы Гандзі: «Спачатку яны ігнаруюць цябе. Потым смяюцца з цябе. Потым змагаюцца з табой; потым ты перамагаеш». Але майце на ўвазе, што пасля перамогі, калі ўжо нічога нікому не патрэбна даказваць, ты не здолееш напісаць ужо анічога. Мне спатрэбілася 10 гадоў, каб дайсці да трэцяй фазы. Я спадзяюся, лёс падорыць мне магчымасць затрымацца на ёй яшчэ на 10 гадоў, каб я паспеў сказаць усё тое, што маю.

0
Зьмiцер / Ответить
26.03.2019 / 15:56
Каб стаць пісьменнікам, трэба не толькі нарадзіцца ў Ашмянах ды болей-меней валодаць словам. Пажадана таксама мець добры густ і багаты жыццёвы досьвед.
1
Алёна К. / Ответить
26.03.2019 / 16:21
А, гэта пісьменнікі нешта паміж сабой не падзялілі, цяпер мераюцца, хто большы?))) Не турбуйцеся, даражэнькія, добра, што вы ёсць такія, якія ёсць...
0
Жвір / Ответить
26.03.2019 / 16:52
Махатма Гандзі казаў пра сябе. І потым, першых дзьвух стадыяў у пісьменьніка альбо не было, альбо ён іх трымае ў сакрэце.
Показать все комментарии/ 10 /
Чтобы оставить комментарий, пожалуйста, активируйте JavaScript в настройках своего браузера