Кітайская кампанія Xiaomi распрацавала зарадную прыладу для смартфона, якая здольная зарадзіць яго за 17 хвілін. Відэа, якое дэманструе працу зараднай прылады, было апублікавана віцэ-прэзідэнтам Xiaomi Лу Вэйбінгам, паведамляе The Verge.

На відэа паказаны дзве мабільныя прылады, а таксама таймер, які паказвае, колькі часу прайшло з моманту пачатку зарадкі. Адна з іх — смартфон з акумулятарам на 4000 мA·г, другая — смартфон Oppo з акумулятарам на 3700 мA·г, падлучаны да зарадкі з тэхналогіяй Super VOOC магутнасцю 50 Вт (гэтая тэхналогія дазваляе зараджаць акумулятар да 75% за 30 хвілін, сцвярджае вытворца).

На роліку відаць: смартфон з акумулятарам ёмістасцю 4000 ма·г, падлучаны да зарадкі Xiaomi, зараджаецца ад 0 да 100% за 17 хвілін. За гэты ж час смартфон Oppo з батарэяй меншай ёмістасці зарадзіўся на 65%.

У канцы роліка на некалькі секунд з'яўляецца надпіс, з якога можна зрабіць выснову, што новая тэхналогія атрымала назву Super Charge Turbo, а магутнасць зараднай прылады складзе 100 Вт.

Кампанія не прывяла ў відэа ніякіх дадатковых дэталей і не назвала дату рэлізу новай тэхналогіі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0