Карацей, сядзела я ў Інтэлектуальным клубе і нараджаліся ў мяне пытанні.

Прыкладам, Віктар Марціновіч у пераліку бедаў, якія напаткалі нашу няшчасную і дваістую Беларусь, назваў два саюзы пісьменнікаў. Няясна, у чым бяда. У тым, што іх два, а не адзін, як СП БССР? Ці ў тым, што іх не дваццаць?

Потым Альгерд Бахарэвіч паслядоўна прапанаваў «простым людзям» жыць адпаведна хрысціянскім каштоўнасцям, а потым папікнуў «простых людзей», што яны неталерантна ставяцца да мусульманаў. Як атэіст, у гэтым месцы я адчула кагнітыўны дысананс.

Але потым мяне напаткаў інсайт, бо я пачула, што наогул чалавек, канешне, павінен быць бескампрамісным, асабліва калі ён ментальна з дзевяностых, бо, калі ён ідзе на кампраміс з дзяржавай, гэта значыць, што ён ёй усё дараваў.

Пры гэтым, як высветлілася, зрэдку ўсё ж на кампраміс ісці можна, бо чалавек слабы. Адсюль вынікае, што можна аддаваць свае п'есы ў дзяржаўныя тэатры, бо чалавек слабы, але нельга хадзіць на тэлебачанне, бо ты мусіш быць бескампрамісным.

«Нішто сабе!» — падумала я. Во гэта бескампраміснасць, якая мне падыходзіць! Кампрамісная такая бескампраміснасць! Дваістая такая… Хацела ўдакладніць ў абодвух дуэлянтаў узніклыя ў мяне пытанні, але адыходзіла апошняя электрычка на ̶Р̶а̶с̶о̶н̶ы̶ Смалявічы, і я кампрамісна пабегла на яе, бо дома дзеці, а наяўнасць дзяцей, аказваецца, падвышае ўзровень кампрамісу ў крыві:)

Але ж я не здалася, не! Я вырашыла бескампрамісна ісці на станцыю пехам, каб не карыстацца дзяржаўным, знача, транспартам. Дайшоўшы да станцыі і прыкінушы кіламетраж да Смалявіч, я зразумела, што нагі ў мяне толькі дзве і запасу нямашака, дык прыйшлося пайсці на кампраміс і сесці ў дзяржаўную электрычку. Так усё ж хутчэй.

Бо заўтра ж, ёшкін кот, я раненька ўстану, кампрамісна пайду на сваю дзяржаўную працу і буду выкладаць там рускую мову, уся такая самотная і дваістая, як старонка мая Беларусь.

Чытайце таксама:

Ганна Севярынец апублікавала саркастычны адказ Віктару Марціновічу: «Піша Вам настаўніца з Расон»

Віктар Марціновіч: Як стаць пісьменнікам

Пасяджэнне Клуба Святланы Алексіевіч абяцала быць вострым: сустрэліся два антыподы АНЛАЙН

«Нацыя кампрамісаў? Гэты выраз смярдзіць крывёй»: пра што гаварылі Бахарэвіч і Марціновіч

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?