Пытаюцца: хто стане прэзідэнтам Украіны? Адказваю: гэта ў нас вядома, хто стане прэзідэнтам, а ва Украіне — выбары, і прадказаць іх вынік цяжка, бо я не Касандра і не піфія, якая агучвае прадказанні аракула.

Народ ва Украіне мала чым адрозніваецца ад беларусаў. Хіба што больш пасіянарны. А таму і халопства менш. А ў астатнім… Вось піша ветэран публіцыстыкі Анатолій Стрэляны, што да паспалітага ўкраінца ніяк не можа дайсці, што такое падзел уладаў, што прэзідэнт займаецца пытаннямі абароны, знешняй палітыкі, памілаваннямі, узнагародамі, а эканомікай — займаецца падкантрольны парламенту ўрад. У галаве ўкраінца, як і ў галаве беларуса, адна формула: якщо ти голова, то мусиш вирішувати усі питання. Таму і можа папулістка Цімашэнка абяцаць неверагоднае зніжэнне тарыфаў і коштаў…

Ва Украіне, як і ў Беларусі, чыстаплюйская тая частка насельніцтва, якая лічыць сябе інтэлектуальнай элітай нацыі. Палітыка — брудны занятак, — кажуць чыстаплюі. У 2010 г. яны дапамаглі прыйсці да ўлады грабежніку Януковічу, бо сцвярджалі і на ўсю Украіну вяшчалі: што Юшчанка, што Цімашэнка, што Януковіч — аднаго поля ягады. Вось і цяпер таўкуцца ў чарзе да прэзідэнцкага крэсла людзі савецкай загартоўкі або іх выхаванцы. А папулярны Вакарчук мае чыстыя рукі.

Асабліва мяне пацяшае ўкраінская журналістыка. Яна цяпер так развязалася, што, здаецца, для яе няма ніякіх этычных межаў і рамак. Пры гэтым СМІ не хаваюць, каму канкрэтна яны служаць. Успамінаецца, як ад свабоды выказвання аж захлыналіся расійскія СМІ, як яны паласкалі Барыса Ельцына і яго атачэнне. І захлынуліся, бедненькія. Успамінаецца, як нашы СМІ папулярызавалі асноўнага канкурэнта Кебіча — Аляксандра Лукашэнку. Так папулярызавалі, што расчулены Лукашэнка адразу пасля другога туру выбараў заявіў, што дае нашым СМІ волю вольную. Даў такую волю, што і цэнзуры не трэба: у рэдакцыях выдатна працуе самацэнзура.

Як бы і ўкраінскія СМІ не захлынуліся ў тым лайне, якое яны штодзень прадукуюць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?