Леанід Пранчак — папулярны ў 1990-я паэт, аўтар вершаў і для дарослых, і для дзяцей.

На словы Пранчака, напрыклад, напісана вядомая песня «Цік-так ходзікі». Але апошнім часам паэт у асноўным заняты бясконцымі судамі з газетамі, часопісамі і выдавецтвамі.

Чытайце. 50 спраў Леаніда Пранчака: як адзін паэт паралізаваў працу Вярхоўнага суда

Паэт маніторыць усе сродкі масавай інфармацыі, падручнікі і дапаможнікі, карацей, усе друкаваныя выданні, у якіх могуць усплыць радкі за яго аўтарствам. Затым Пранчак ідзе ў суд і падае пазоў: маўляў, парушылі аўтарскія правы, дайце грошай.

Судзіўся ён — ці спрабаваў судзіцца — з усімі запар: і з «Нашай Нівай», і «Советской Белоруссіей», і з блогерамі. І нярэдка выйграваў.

Вярхоўны суд апублікаваў рашэнні па пяці справах за 2019 год, пазоўнікам у якіх выступаў Пранчак. Ва ўсіх паэт выйшаў пераможцам. Што гэта за гісторыі?

Ахвярай паэта стаў выдавецкі дом «Звязда». Галоўны рэдактар Павел Сухарукаў адмовіўся пракаментаваць «Нашай Ніве» падрабязнасці канфлікту. Але вядома, што падставай да прэтэнзій стаў нават не рэдакцыйны матэрыял, а ліст чытачкі, які быў апублікаваны ў «Звяздзе».

У тым лісце жанчына распавяла пра свайго малога сына Альгерда, які ведае песню «Цік-так ходзікі, мне чатыры годзікі».

Маленькі Альгерд яшчэ не ведае, што ўзгадванне песні «Цік-так ходзікі» каштуе мінімум 510 рублёў. Фота zviazda.by

Маленькі Альгерд яшчэ не ведае, што ўзгадванне песні «Цік-так ходзікі» каштуе мінімум 510 рублёў. Фота zviazda.by

Пранчак дзейнічаў стандартна: пайшоў у суд, запатрабаваў 20 базавых велічыняў за выкарыстанне ўрыўка з яго верша. Адказчык жа сцвярджаў, што не ведаў пра аўтарства Пранчака і палічыў вершаваныя радкі народнай творчасцю.

Суд вырашыў, што выкарыстанне чатырох радкоў пранчакоўскага верша — гэта парушэнне аўтарскіх правоў. «Звязду» абавязалі сплаціць Леаніду Пранчаку 510 рублёў кампенсацыі.

У кастрычніку 2018 года Пранчак заўважыў у газеце «Мінская праўда» матэрыял пра беларусаў, якія жывуць у Іркуцкай вобласці Расіі, але намагаюцца не губляць сувязі з беларускай мовай і традыцыямі.

«Я апублікавала фотаздымак дзяўчынкі. Дзеці з вясковай школы выступалі ў мясцовым музеі, і дзяўчынка выконвала песню на словы Пранчака «Цік-так ходзікі». Чатыры радкі з песні я выкарыстала як подпіс пад фота», — распавяла аўтарка артыкула Святлана Кірсанава.

Гэтая дзяўчынка жыве ў Расіі, але любіць Беларусь і вершы Пранчака. А Леанід Пранчак жыве ў Беларусі і любіць грошы. Фота Святланы Кірсанавай.

Гэтая дзяўчынка жыве ў Расіі, але любіць Беларусь і вершы Пранчака. А Леанід Пранчак жыве ў Беларусі і любіць грошы. Фота Святланы Кірсанавай.

Пранчаку ізноў жа хапіла тых чатырох радкоў. Пазоў у суд, пасяджэнне, суд ізноў на баку аўтара. Вырак — кампенсацыя ў 510 рублёў Пранчаку і стандартныя 24,5 рубля пошліны.

Апроч таго, у кнігах некалькіх выдавецтваў Пранчак заўважыў урыўкі са сваіх вершаў. Канечне, падаў у суд. Суд вырашыў: аўтару заплаціць. За два вершы аўтар прасіў 510 рублёў кампенсацыі (па 10 базавых велічынь за твор). Заключылі міравое пагадненне: выдавецтва пагадзілася сплаціць паэту тыя 510 рублёў.

У іншым выдавецтве выпусцілі дапаможнік для педагогаў дашкольнай адукацыі. У кнізе таксама выкарысталі частку верша Пранчака. Паэт пайшоў у суд, запатрабаваў тыя ж 510 рублёў кампенсацыі. Кіраўніцтва выдавецтва намагалася аспрэчыць прэтэнзіі: маўляў, выкарыстоўваўся верш не як літаратурны твор, а як «ілюстрацыя метадычнага матэрыялу». Але суд стаў на бок пазоўніка і зноў прысудзіў яму 510 рублёў кампенсацыі.

З трэцяга выдавецтва Леанід Пранчак «падняў» аж 1020 рублёў. Гэта кампенсацыя за 4 вершы, які ўзгадалі ў часопісе выдавецтва. Суд, як звычайна, стаў на бок Пранчака.

Такім чынам, за пяць пазоваў Пранчак атрымаў трохі больш за 3000 беларускіх рублёў. А колькі гэтых пазоваў было і яшчэ будзе разгледжана!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?