Увечары 22 сакавіка ў адным з гаражоў у Магілёве знайшлі машыну з двума трупамі. Хлопцу было 29 гадоў, дзяўчыне — 27. Прыкмет гвалтоўнай смерці не было.

Хутчэй за ўсё, гэта быў не суіцыд, а трагічная выпадковасць. Асноўная версія ў следчых — атручванне чадным газам.

Вядома, што мужчыну звалі Андрэй. Хлопец — ураджэнец Магілёва, але нярэдка ездзіў на падпрацоўкі ў Расію. Займаўся будаўнічымі працамі.

Той самы Андрэй, фота з сацсетак

Той самы Андрэй, фота з сацсетак

Апошнім часам мужчына быў у Магілёве. Там ён жыў разам з жанчынай — сужыцелькай, ці як той казаў, «грамадзянскай жонкай». Разам гадавалі дачку, хутка ёй споўніцца 5 гадоў. Пакуль быў дома, Андрэй шукаў працу ці падпрацоўкі па спецыяльнасці ў родным горадзе.

Але за паўмесяца да трагедыі пара пасварылася. Андрэй сышоў, жыў у сваёй маці.

«Мы бачыліся напярэдадні разам кампаніяй. Успаміналі маладосць. Чалавек быццам развітаўся. Убачыўся з усімі — і праз некалькі дзён сышоў. Да гэтага тры гады не бачыліся», — кажа яго знаёмая.

Што дакладна здарылася — невядома. Чуткі паўзуць розныя: некаторыя кажуць, нібыта ў гаражы быў яшчэ хтосьці трэці, некаторыя кажуць пра суіцыд… Але версія з самагубствам малаверагодная.

Сужыцелька Андрэя кажа, што ён быў адэкватным чалавекам і не пайшоў бы на такі крок. Тое ж паўтарае і сябар загінулага: «Мне здаецца, здзейсніць суіцыд ён не мог».

Вядома, што ў той вечар Андрэй патэлефанаваў Дар’і — так звалі дзяўчыну, якую знайшлі з ім у машыне. Збіраўся сустрэцца з ёй і выпіць піва.

Яны ведалі адно аднаго даўно: вучыліся ў адной школе (праўда, Андрэй быў на пару класаў старэйшым). Апошнім часам Дар’я працавала прадавачкай у краме непадалёку ад дома мужчыны.

Андрэй сустрэўся з Дар’яй. Паехалі ў гараж. Памяшканне ён арандаваў, машына была яго.

«Я не ведаю, ці была яна яго каханкай, ці не… Нават не ведаю, як іх там знайшлі, ці былі яны апранутыя, — кажа сужыцелька Андрэя. — Следчыя пакуль нічога не кажуць. Адказваюць толькі, што вынікі экспертызы будуць праз месяц».

Сама жанчына не мае версій, у крымінал ёй таксама не надта верыцца.

«Можа, гэта была проста недарэчная смерць…» — кажа яна.

Калі Андрэя і Дар’ю знайшлі мёртвымі, ключы ад машыны былі ў замку запальвання, у баку паліва ўжо не было. Дзверы ў гараж былі прыкрытыя: заставалася адтуліна, але гэтага не хапіла.

Андрэя і Дар’ю пахавалі ў нядзелю 24 сакавіка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?